Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ухо́дзіны, ‑дзін; адз. няма.

Разм. Тое, што і уваходзіны. Пабудаваў [бедны брат] новую хату і паклікаў гасцей на ўходзіны. Якімовіч.

ухо́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ухапіць.

уху́таны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ухутаць.

уху́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Адзецца ў што‑н. цёплае, абгарнуцца, захутацца з усіх бакоў. Дзяўчынка ўхуталася ў старую світку, бо на дварэ трашчаў мароз. Сабаленка. / у перан. ужыв. Лісты на ніжніх галінах шчыльна ўхуталіся асенняй цемрай. Кулакоўскі.

уху́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Адзець у што‑н. цёплае, загарнуць, абгарнуць з усіх бакоў. І слова не змагла выгаварыць Зося.. Ухутала дзіця і выйшла з пакоя. Крапіва. Надзя адчула холад, ухутала ногі сенам і посцілкай, якая ляжала ў перадку саней. Бураўкін. Паслухмяная машына бегла роўна, весела звінеў матор, тугі паток стрэчнага паветра страляў брызентам, якім грузчыкі старанна ўхуталі тры такарныя станкі. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Пільнавалі хмары некага, каб ухутаць яго сваёй мультановаю посцілкаю. Баранавых.

уху́тванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ухутваць — ухутаць.

уху́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да ухутацца.

2. Зал. да ухутваць.

уху́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ухутаць.