Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

убі́ць, уб’ю, уб’еш, уб’е; уб’ём, уб’яце; заг. убі; зак., што.

1. Б’ючы, стукаючы па якім‑н. прадмеце, прымусіць яго ўвайсці ў што‑н., унутр чаго‑н. [Рыльскі] каменем убіў два цвікі, прыгнуў іх, і падлога зноў мела свой сапраўдны выгляд. Чорны. Убілі [мы] ў зямлю некалькі калоў, развесілі на іх вопратку і анучы. Лупсякоў. // Шчыльна прытуліць што‑н. да чаго‑н., утуліць што‑н. куды‑н. У галаве закружылася, усё навокал паплыло, і такая знямога скавала цела, што .. [Сотнікаў], бы нежывы, распластаўся ніц, убіўшы ў снег галаву. Быкаў. [Міхась] павярнуўся на бок і шчыльней убіў твар у рэчавы мяшок. Машара.

2. З сілай уваткнуць, усадзіць куды‑н. што‑н. вострае; увагнаць. Ссекшы некалькі сукоў з тоўстай калматай елкі, Язэпка ўбіў сякеру ў камель дрэва, азірнуўся кругом .. і нырнуў у гушчар. Якімовіч. Але аднаго разу Рагіна не стрывала, убіла ў зямлю капач, выпрасталася і адрэзала Сяргею проста ў вочы. Адамчык. А трава якая! Касы не ўбіў бы. Дуброўскі.

3. Утаптаць, утрамбаваць да цвёрдасці. Убіць сцежку праз поле.

4. перан. Разм. Утлумачыць, прымусіць цвёрда засвоіць што‑н. А Сегенецкага хлопцы! Праўду кажучы, дзікуны. Панскі дух бацька ўбіў у іх. Але не чыста панскі, а з лёкайскім душком. Чорны.

5. Дадаючы да стравы, умяшаць (пра сырыя яйцы). Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас. // Тое, што і узбіць (у 5 знач.). Трэба было яшчэ сала насмажыць ды з паўдзесятка яечак убіць на патэльню. Чарнышэвіч.

6. Разм. Змарнаваць. Убіць шмат часу на пустыя справы. □ Дарма свой век убіў я, Нічога не зрабіў я. Дзяргай.

•••

Носа не ўбіць — пра што‑н. непраходнае, цеснае. А за .. [балотам] пайшоў лес такі густы, што і носа не ўбіць. Якімовіч.

Убіць асінавы кол — тое, што і забіць асінавы кол (гл. забіць).

Убіць клін паміж кім — тое, што і забіць клін (гл. забіць).

Убіць (набраць) сабе ў галаву — умацавацца ў якой‑н. думцы, трымацца яе. [Данута:] — Хлопец недзе схаваўся .. Убіў сабе ў галаву, што яго тут зненавідзелі, і цэлымі бадзяецца недзе. Бажко.

Убіць у галаву каму — а) паўтарэннем прымусіць засвоіць што‑н. Хоць творы Беднага .. [Міхась] любіў, разумеў іх змест і яны былі блізкія яму, але яны не ўкладваліся ў тыя каноны, якія ўбілі яму ў галаву выкладчыкі літаратуры і падручнікі. Машара; б) унушыць што‑н., пераканаць у чым‑н. — Бачыла ты, Алена, гэткага? І хто .. [Міхасю] ўбіў у галаву, што ён нейкі асаблівы? Ваданосаў.

У рот (душу) не ўбіць — не да смаку, не пад густ (прадукт, страва і пад.).

Што ўбіў, то ўехаў — пра бесклапотнага, гультаяватага чалавека.

ублы́таны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ублытаць.

ублы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. у што. Заблытацца ў чым‑н. Левы конь за .. паўхвілін[ы] паспеў ублытацца ў пастронкі. Чорны. Усё .. [Настачцы] здавалася, што за ёй пагоніцца пчала, ублытаецца ў валасы. Кулакоўскі.

2. Абвязацца, абматацца чым‑н. Ублытацца рознымі лахманамі, каб машкара не кусала.

3. перан.; у што і без дап. Разм. Умяшацца, увязацца ў што‑н.; прыняць удзел у чым‑н. Ублытацца ў чужую справу. □ А тады цёшча ўблыталася: «Няма, — кажа, — дастатку ў нас на вялікіх гасцей». Кандрусевіч.

ублы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Заблытаць што‑н. у чым‑н.

2. Разм. Увязаць, абматаць што‑н. Ублытаць валёнак вяроўкамі.

3. перан. Разм. Умяшаць, уцягнуць у што‑н., куды‑н., зрабіць саўдзельнікам чаго‑н. Ублытаць у непрыемную справу. □ Швагераў адказваў ахвотна і, здавалася, шчыра, але не без хітрасці: стараючыся так падаць усё, каб нідзе не ўблытаць сябе. Шамякін.

ублы́тванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ублытваць — ублытаць і ублытвацца — ублытацца.

ублы́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да ублытацца.

2. Зал. да ублытваць.

ублы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ублытаць.

убо́га,

1. Прысл. да убогі (у 1, 3 знач.).

2. безас. у знач. вык. Бедна. [Марына:] — Просім да стала, Хоць на стале ў нас убога. Колас.

3. безас. у знач. вык. Без раскошы і ўпрыгожанняў; проста. У пакоі было ўбога і няўтульна. С. Александровіч.

убо́гасць, ‑і, ж.

Уласцівасць, якасць або стан убогага. Убогасць абсталявання. Убогасць побыту.

убо́гі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў беднасці, бедны. Зімняя ночка. Стужа ў полі. Вецер сярдзіты гудзе... К вёсцы ўбогай ціха, паволі Хтось незнаёмы ідзе. Чарот. Калісьці гэта быў убогі шляхецкі засценак. С. Александровіч. // Які сведчыць аб беднасці; уласцівы бедняку. Аднойчы, прыгнаўшы з пашы карову, Антон убачыў у сваёй убогай хаціне двух салдат. Сабаленка. Адкупнік агледзеў убогі хатні скарб, скрывіўся. Якімовіч.

2. Разм. Які мае калецтва, фізічны недахоп. Пышная душа ва ўбогім целе. Прыказка. / у знач. наз. убо́гі, ‑ага, м.; убо́гая, ‑ай, ж. [Андржаяка:] Па дарозе я спаткаў Ці то ўбогую, ці проста багамолку. Клімковіч.

3. Нязначны (па аб’ёму, колькасці); небагаты. Убогія сродкі. □ Хмары, балоты... Над збожжам убогім Вецер гуляе на волі. Багдановіч. // Недасканалы, прымітыўны. Убогая тэхніка. // Пазбаўлены раскошы і ўпрыгожанняў; просты. Паўлюк нёс аднекуль з запечча маленькую ўбогую газовачку. Зарэцкі. // Варты жалю. [Валодзя:] — Бачыш, які ў .. [вёскі] цяпер убогі выгляд. А глянула б ты перад вайной на яе з гэтага ўзгорка! Стаяла цэлая града дубоў. Федасеенка.

4. Бедны па зместу. Убогі спектакль. Убогая фантазія. // Абмежаваны духоўна. Слухайце музыку .. Прымайце яе праз свае ўяўленні, праз вобразы свайго жыцця!.. Толькі злыя і ўбогія душы ніколі не спазнаюць музыку. Вітка. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.