Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трагі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць трагічнага. Лабановіч напускае на сябе трагічнасць, нізка звешвае галаву і журботна трасе ёю. Колас.

трагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трагедыі (у 1 знач.), уласцівы ёй. Трагічны жанр. Трагічны сюжэт. Трагічная п’еса. // Які ляжыць у аснове трагедыі, які адлюстроўвае яе сутнасць. Трагічны канфлікт. / у знач. наз. трагі́чнае, ‑ага, н. Трагічнае не існуе адасоблена ад жыцця.

2. Уласцівы выканаўцам трагедыі, які здольны перадаваць моцныя пачуцці. Трагічны талент. // Разлічаны на эфект; тэатральны. Трагічны жэст. □ — Бяда, Максім Іванавіч! — трагічным голасам усклікнула [Волька], спрытна саскокваючы з воза. Васілевіч. [Акцёр] разводзіў рукамі і, пакорліва апусціўшы галаву, дэкламаваў трагічным голасам завучаныя фразы. Бядуля.

3. Страшны, катастрафічны. Трагічная гібель судна. Трагічны выпадак. Трагічныя падзеі. // Поўны гора, няшчасця. Трагічнае становішча. □ У яркіх мастацкіх вобразах і малюнках раскрывае народная песня і радасць, і гора, і трагічныя моманты чалавечага жыцця. Саламевіч. Але .. [Кручкоўскі] быў пасабачы верны свайму пану шэфу і не мог не ўспомніць аб ім у такі трагічны час. Якімовіч. // Які выражае цяжкі душэўны стан, пакуты; які сведчыць аб пакутах. Трагічны выраз твару.

траглады́т, ‑а, М ‑дыце, м.

1. Першабытны пячорны чалавек.

2. Разм. Грубіян, некультурны чалавек; цемрашал.

[Ад грэч. trōglodytēs — які жыве ў пары або пячоры, першапачаткова ўласнае імя народа, які жыў у Эфіопіі.]

традыцы́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць традыцыйнага. Традыцыйнасць абрадаў.

традыцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца традыцыяй (у 1 знач.); заснаваны на традыцыі і замацаваны ёю. Традыцыйны звычай. □ Аўтары іншых помнікаў хоць і прытрымліваліся традыцыйнага правапісу, але былі менш адукаванымі і таму дапускалі пад уплывам жывога вымаўлення больш памылак. Булыка. // Які праходзіць, адбываецца па традыцыі. Традыцыйны крос. Традыцыйны кірмаш. □ Як бы там ні было, а кожны дзень, ідучы вячэраць у сталоўку, хлопцы з традыцыйным маршам неслі чарговае крэсла і ставілі каля стала. Нядзведскі. // Прыняты па традыцыі; звычайны. Традыцыйны касцюм. □ Абуты [партызаны] былі хто ў боты,.. а хто ў традыцыйныя палескія лапці. Колас.

трады́цыя, ‑і, ж.

Гістарычна выпрацаваныя звычаі, погляды, нормы паводзін, густу і пад., якія пераходзяць ад папярэдняга да наступнага пакалення. Крытычныя традыцыі Бялінскага. Рэвалюцыйныя традыцыі пралетарыяту. Класічныя традыцыі тэатра. □ [Пятро Тадаровіч] чапляўся за зямлю, за традыцыі працавітага простага чалавека, за жыццё. Чорны. Ламаць устаноўленыя традыцыі нельга было без рызыкі здабыць славу нейкага адшчапенца і чалавека падазронага, асабліва ў такі час, калі настаўнікі зарэкамендавалі сябе як людзі з крамольніцкім складам мыслей. Колас. // Парадак, няпісаны закон, што ўстанавіўся ў паводзінах, быце. Стаць традыцыяй. Увайсці ў традыцыю. □ Начальнік порта ў захапленні ад адвагі капітана, які застаўся адзін .. і не пакідаў судн[а] паводле лепшых мараходных традыцый. Самуйлёнак. У брыгадзе з’явілася і такая традыцыя — калектыўна адзначаць дні нараджэння. Лось. // Норма чаго‑н. Традыцыя сцэнічнага вымаўлення.

[Ад лац. traditio — перадача.]

традыцыяналі́зм, ‑у, м.

Кніжн. Прытрымліванне традыцый, звычайна аджыўшых, кансерватыўных. Традыцыяналізм у жывапісе.

традыцыяналі́ст, ‑а, м.

Прыхільнік традыцыяналізму. Я. Лучына і ў эстэтыцы і ў тэхніцы пісьма быў перакананы традыцыяналіст. Лазарук.

традэска́нцыя, ‑і, ж.

Род травяністых раслін з роўнымі або паўзучымі сцёбламі; культывуецца як дэкаратыўная і хатняя расліна.

траекто́рыя, ‑і, ж.

Спец. Лінія, якую апісвае ў прасторы ў працэсе руху цела або пункт. Траекторыя электрона. // Лінія палёту снарада або кулі. Траекторыя ракеты.

[Ад лац. trajectus — перамяшчэнне.]