трагі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да трагедыі (у 1 знач.), уласцівы ёй. Трагічны жанр. Трагічны сюжэт. Трагічная п’еса. // Які ляжыць у аснове трагедыі, які адлюстроўвае яе сутнасць. Трагічны канфлікт. / у знач. наз. трагі́чнае, ‑ага, н. Трагічнае не існуе адасоблена ад жыцця.
2. Уласцівы выканаўцам трагедыі, які здольны перадаваць моцныя пачуцці. Трагічны талент. // Разлічаны на эфект; тэатральны. Трагічны жэст. □ — Бяда, Максім Іванавіч! — трагічным голасам усклікнула [Волька], спрытна саскокваючы з воза. Васілевіч. [Акцёр] разводзіў рукамі і, пакорліва апусціўшы галаву, дэкламаваў трагічным голасам завучаныя фразы. Бядуля.
3. Страшны, катастрафічны. Трагічная гібель судна. Трагічны выпадак. Трагічныя падзеі. // Поўны гора, няшчасця. Трагічнае становішча. □ У яркіх мастацкіх вобразах і малюнках раскрывае народная песня і радасць, і гора, і трагічныя моманты чалавечага жыцця. Саламевіч. Але .. [Кручкоўскі] быў пасабачы верны свайму пану шэфу і не мог не ўспомніць аб ім у такі трагічны час. Якімовіч. // Які выражае цяжкі душэўны стан, пакуты; які сведчыць аб пакутах. Трагічны выраз твару.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)