Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

розначасо́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць розначасовага. Розначасовасць напісаныя твораў.

розначасо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да розных часоў, які адбываецца ў розныя часы. Розначасовыя падзеі. Розначасовыя пасевы.

розначыта́нне, ‑я, н.

Спец. Варыянт якой‑н. часткі асноўнага тэксту літаратурнага твора.

ро́зніца 1, ‑ы, ж.

1. Непадабенства, адрозненне ў чым‑н. [Мальгрэта:] — Я ж казала ўжо, Хвядоска, У нас між горадам і вёскай Аніякай розніцы. Крапіва. Малевіч падыходзіць да рэчкі і, таксама як я, садзіцца на беразе. Розніца толькі ў тым, што я сяджу на абрыве, спусціўшы ногі над вадой, а ён прылёг пад адхонам. Брыль.

2. Велічыня, сума, якая з’яўляецца рознасцю паміж дзвюма велічынямі, сумамі. А прызнацца, у нас не вялікая розніца: год пятнаццаць... Хадзем, дай руку, спадарожніца. Вялюгін.

•••

Якая розніца? — ці не ўсё роўна?

ро́зніца 2, ‑ы, ж.

Спец. Продаж паштучна або невялікімі колькасцямі. Здавалася, Індыя, згаладаўшыся за стагоддзі па металу, паглынае яго цяпер вялікімі і малымі кавалкамі, оптам і ў розніцу. Б. Стральцоў.

ро́зніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак., ад каго-чаго чым.

Разм. Мець асаблівасці, рысы, якія адрозніваюць каго‑, што‑н. ад іншага (іншых), робяць непадобным на іншых; адрознівацца. [Сцяпан Уласавіч] амаль нічым не розніцца ад іншых дзядзькоў — ні гаспадаркай, ні адзеннем. Мележ. Публіцыстычнасць П. Глебкі розніцца ад мяккага лірызму Я. Купалы, ад эпічнай непаспешлівасці Я. Коласа. «Полымя». Сучасны варыянт песні «Ой, рэчанька, рэчанька» таксама розніцца ад змешчанага ў пятым томе «Люду беларускага». Саламевіч.

ро́зніць, ‑іць; незак., каго-што ад каго-чаго.

Разм. Быць асаблівасцю, якая адрознівае каго‑, што‑н. ад іншага (іншых), робіць непадобным да іншых; адрозніваць. Ва ўсім сышліся мы, адно нас розніць: Я вершамі пішу, а сябра — прозаю. Гілевіч. [Маланнін] гарадскі ўбор розніў яе ад усёй сям’і. Галавач.

ро́знічны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з гандлем у розніцу. Рознічныя цэны. Рознічны тавараабарот.

ро́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Неаднолькавы, непадобны. [Тацяна:] — Вы такія розныя, ані не падобныя адна на адну. Васілёнак.

2. Другі, іншы, не той самы. Трэба будзе ехаць рознымі дарогамі, каб, барані божа, ніхто не заўважыў. Скрыган.

3. Разнастайны. Сялянскія фурманкі партызанскіх абозаў развозілі па ўсіх кутках пушчы розныя віды зброі. Брыль. Пакуль Марыся ўпраўлялася на кухні, Іваноў гасцінна ўсаджваў Пятра і Міколу, гаварыў пра розныя дробязі. Новікаў. / у знач. наз. ро́знае, ‑ага, н. Лезе ў галаву рознае: вайна, незасеяны агарод, які не прыдумаць чым сеяць, і Глёкава Каця стаіць у вачах. Сяркоў.

•••

Апынуцца (быць) на розных берагах гл. апынуцца.

Гаварыць на розных мовах гл. гаварыць.

На розныя лады гл. лад ​1.

Розных масцей гл. масць.

ро́зрух, ‑у, м.

Разм. Тое, што і разруха. Кругом пааставаліся сляды непрыбраных бярвенняў, недакончаных стрэх, лініі новых дарог ды дзялянак. Ці не гэта розрухам называў Гарасім? Скрыган.

ро́зум, ‑у, м.

1. Вышэйшая ступень пазнавальнай дзейнасці чалавека, здольнасць лагічна мысліць, асэнсоўваць навакольную рэчаіснасць. Ніколі не страціць для нас цікавасці чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна. Колас. Колькі жывой сілы тоіцца ў чорнай з гаркаватым пахам тарфяной глебе! Прыкладзі хоць крыху розуму! — і чэрпай поўнымі прыгаршчамі золата! Новікаў. // Інтэлект як процілегласць пачуццю. [Ігнась] шкадаваў матку, а розум, па прыродзе не хлапечы, падказваў, што трэба зрабіць нешта такое, каб маці не плакала. Мурашка. Рыта ведала — Вігдароўскі з пароды тых людзей, у душы якіх дзіўная зладжанасць розуму і пачуццяў. Навуменка.

2. Здольнасць мысліць, разумець; разумовыя здольнасці чалавека. Слабаваты .. [Хведар] быў сілаю, затое меў галаву з розумам. Якімовіч. [Бонч-Бруевіч] ветліва спаткаў .. [Мяснікова], бо паважаў за дзелавітасць, востры розум і прынцыповасць. Гурскі.

•••

Ад (з) вялікага розуму — здуру, па дурасці.

Бог розуму не даў гл. бог.

Брацца (узяцца) за розум гл. брацца.

Выжыць з розуму гл. выжыць.

Дайсці да розуму гл. дайсці.

Дайсці сваім розумам гл. дайсці.

Жыць сваім розумам гл. жыць.

Жыць чужым розумам гл. жыць.

Заднім розумам моцны (багаты) гл. моцны.

З дурнога розуму — здуру, па дурасці.

Кароткі розум — пра слабы, невялікі розум.

Набрацца розуму гл. набрацца.

На добры розум — тое, што і на добры лад (гл. лад).

На мой (дурны) розум — па-мойму, на маю думку.

Наставіць, навесці на розум гл. наставіць.

Не майго (твайго, нашага і г. д.) розуму справа гл. справа.

Не ў (пры) сваім розуме — пра псіхічна ненармальнага чалавека.

Розум за розум зайшоў — пра стан, калі чалавек не можа разумна разважаць або дзейнічаць.

Розуму не дабраць гл. дабраць.

Страціць розум гл. страціць.

Схадзіць па розум гл. схадзіць.

У (пры) сваім розуме — у нармальным псіхічным стане (быць, знаходзіцца і г. д.).

Ухапіцца за розум гл. ухапіцца.