Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

брыка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. брыкаць, брыкацца.

брыка́цца, а́ецца; незак.

1. Біць нагамі, брыкаць. Конь спачатку не хацеў насіць чалавека на сваёй спіне, іржаў, брыкаўся. Бядуля. // Брыкаць адзін другога. Коні пачалі брыкацца. // Мець звычку біць нагамі, брыкаць. Гэты конь брыкаецца. // Рабіць рэзкія рухі, дрыгаць нагамі, жадаючы вызваліцца (пра чалавека). Дзяўчаты з рогатам неслі хлопца да рэчкі, той брыкаўся, крычаў. Гурскі.

2. перан. Разм. Упарціцца, упірацца. [Максім:] — З выгляду здаецца — «ані вэзь», брыкаецца, абражаецца, а скончыць тым, што прыгорнецца да цябе. Колас.

бры́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Ускідваць нагамі. З двароў выбягалі жарабкі, люта ржалі, выбіліся, брыкалі маладымі дужымі нагамі, нястрымна гойсалі па вуліцы. Хомчанка. // Бегаць, пабрыкваючы. Конь брыкае па агародзе. // Рабіць рэзкія рухі, дрыгаць нагамі. Пад палком брыкала ў саломцы цялё. Гарэцкі.

брыка́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго.

Разм. Біць, удараць задняй нагой, заднімі нагамі (пра капытных жывёлін). Карова вельмі дачку любіла: Не брыкала яе, хвастом не біла. Бічэль-Загнетава.

брыке́т, ‑а і ‑у, М ‑кеце, м.

1. ‑а. Плітка, цаглінка з якога‑н. спрасаванага матэрыялу. Тарфяныя брыкеты з’яўляюцца высакаякасным апалам. «Беларусь». А Заслонаў ужо вучыў, як рабіць вугальныя брыкеты, як пры дапамозе пяску і вады выводзіць са строю паравозы і аўтамашыны. Шчарбатаў.

2. ‑у, зб. Разм. Прасаваны торф або вугаль у выглядзе цаглінак. Надбудова тая — элеватар для фрэзернага торфу, з якога мы робім брыкет. Галавач.

[Фр. briquette.]

брыкетава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. брыкетаваць.

брыкетава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад брыкетаваць.

2. у знач. прым. Які мае форму брыкетаў. Брыкетаваны торф.

брыкетава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да брыкетаваць.

брыкетава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

Рабіць з якой‑н. бясформеннай масы брыкеты. Аўтар прапануе збіраць рэшткі драўніны на лесараспрацоўках, брыкетаваць іх і выкарыстоўваць у якасці паліва. «Звязда».

брыке́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да брыкету (у 2 знач.). Прафесар паказаў рукой на будынак. — У гэтай палове сама станцыя, — сказаў ён, — а злева сушыльнае аддзяленне брыкетнага завода. Галавач.

брыклі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае звычку, схільнасць брыкацца. Орлік сапраўды быў благім канём: куслівым і брыклівым. Сіняўскі.