Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ку́фель ‑фля і ку́халь, ‑хля, м.

Бакал для піва. Па шкле куфля аплывала белая пена і шлёпалася пад ногі. Лобан. Сабе Апейка папрасіў кухаль піва; пакуль буфетчыца налівала, агледзеўся, дзе б прыладзіцца. Мележ.

куфэ́рак, ‑рка, м.

1. Невялікі куфар; тое, што і куфар. Волька перакладвала ў куфэрку нейкую бялізну. Чорны.

2. Дарожная скрынка, род чамадана, звычайна прыгожа аформленая. [Шэмет] быў і апрануты ва ўсё крамнае і ў руцэ трымаў куфэрак. Чарнышэвіч. Ужо цямнела, калі Косця са сваім фанерным куфэркам прыбыў у інтэрнат. Карпюк.

ку́халь,

гл. куфель.

ку́хан, ‑а, м.

Невялікая булка, начыненая цыбуляй. Цяперашнія Гінкіны куханы былі не падобныя да тых, якія яна прыносіла раней, не белыя. Корбан.

ку́хар, ‑а, м.

Той, хто гатуе стравы; повар. Нават кухар у сталовай Для гасцей для дарагіх З крэндзялямі адмыслова Выпякае пірагі. А. Александровіч.

куха́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Работніца, якая гатуе стравы; паварыха.

куха́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кухара, кухаркі, уласцівы ім. Такіх піражкоў настаўніку ніколі не даводзілася каштаваць, ён еў з ахвотаю і хваліў кухарскія здольнасці бабкі Параскі. Колас. // Прызначаны для кухара, кухаркі. Кухарская кніга.

куха́рства, ‑а, н.

Занятак кухара.

куха́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Гатаваць стравы; быць кухарам, кухаркай. Нядаўна, як хварэла маці, дзед сам кухарыў. Рылько.

кухля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Верхняя кашуля з футра ў народаў Поўначы. З-пад сваёй новай кухлянкі.. [Тынэлькут] дастае паперку і, асцярожна разгарнуўшы, падае мне. Бяганская.