Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ку́тні, ‑яя, ‑яе.

Які знаходзіцца, размешчан у куце. Кутняе акно. □ Невялікае памяшканне чайной было амаль пустое, толькі за кутнім сталом ля печкі вольна расселіся трое. Быкаў.

•••

Кутнія зубы гл. зуб.

ку́тнік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і кутні зуб (гл. зуб).

куто́к, ‑тка, м.

1. Тое, што і кут. Здаць куток. □ [Бешчат] устаў і пачаў хадзіць з кутка ў куток. Бажко. У самыя глухія куткі дайшла вестка пра Леніна, які хоча вызваліць людзей з няволі. Гурскі. Яна з мужам марылі аддзяліцца ад сям’і, каб абзавесціся ўласным кутком. Лынькоў.

2. Зацішная, прыгожая, маляўнічая мясцовасць. Прыемна прайсціся, падыхаць свежым паветрам. Ды і куток тут маляўнічы. Астрэйка. Зачаравана глядзеў я маладымі вачамі на прыгожы куток Магілеўшчыны. Кавалёў.

•••

Жывы куток — кабінет прыроды, дзе знаходзяцца жывыя жывёліны, а таксама іх чучалы.

Чырвоны куток — памяшканне ва ўстанове, інтэрнаце і пад., адведзенае для культурна-асветніцкай работы.

Мядзведжы куток — тое, што і мядзведжы кут (гл. кут).

куто́ра, ‑ы, ж.

Невялічкая насякомаедная жывёліна сямейства землярыек; вадзяная землярыйка.

куто́чак, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да кут, куток.

куту́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Уст. Турма, арыштанцкая камера. — Толькі пра гэта цяпер няможна гаварыць, бо як пачуе паліцыя, то як таго дзядзьку Данілу адразу арыштуе і ў кутузку пасадзіць. Каліна.

куту́м, ‑а, м.

Каштоўная прамысловая рыба сямейства карпавых (водзіцца ў Каспійскім моры).

ку́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і каваны (у 4 знач.). Анатоль па бярэзніку прабраўся на дарогу. Яго ўвагу прыцягнулі свежыя адбіткі кутых конскіх капытоў. Федасеенка.

ку́фар, ‑фра, м.

Вялікая скрынка з векам і замком для захоўвання тканіны, адзежы, каштоўнасцей. Дастаць з куфра бялізну.

ку́фель ‑фля і ку́халь, ‑хля, м.

Бакал для піва. Па шкле куфля аплывала белая пена і шлёпалася пад ногі. Лобан. Сабе Апейка папрасіў кухаль піва; пакуль буфетчыца налівала, агледзеўся, дзе б прыладзіцца. Мележ.