Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

куро́ртнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто адпачывае, лечыцца на курорце.

куро́ртніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да курортнік.

куро́ртны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да курорта. Курортны раён. Курортны рэжым.

курс 1, ‑у, м.

1. Напрамак руху, шлях (карабля, самалёта і пад.). Змяніць курс карабля. □ Самалёт цвёрда лёг на свой курс — на захад. Новікаў.

2. перан. Напрамак палітыкі, дзейнасці. Курс на політэхнізацыю навучання. Курс на індустрыялізацыю краіны.

курс 2, ‑а, м.

1. Сістэматычны выклад якой‑н. навуковай дысцыпліны, галіны ведаў, а таксама падручнік, які з’яўляецца такім выкладам. Курс гісторыі партыі. Курс вышэйшай матэматыкі.

2. Увесь аб’ём якога‑н. навучання. Курс сярэдняй школы. Універсітэцкі курс.

3. Навучальны год у спецыяльнай сярэдняй і вышэйшай навучальных установах. Закончыць тры курсы інстытута. // Разм. Студэнты пэўнага года навучання. Пяты курс здае дзяржаўныя экзамены.

4. толькі мн. (ку́рсы, ‑аў). Форма паскоранай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў. Курсы шафёраў. Курсы перападрыхтоўкі настаўнікаў.

5. Закончаны цыкл лячэбных працэдур. Курс лячэння.

6. У СССР — вартасць каштоўных папер, якая ўстанаўліваецца спецыяльнымі дзяржаўнымі нарматыўнымі актамі; у капіталістычных краінах — цана, па якой на біржы прадаюцца і купляюцца акцыі, аблігацыі, вэксалі і інш. каштоўныя паперы.

•••

У курсе чаго (быць) — пра дасведчанасць у чым‑н.

Увайсці ў курс гл. увайсці.

Увесці ў курс гл. увесці.

[Ад лац. cursus — ход, цячэнне.]

курсавы́ 1, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да курсу ​1 (у 1 знач.). Курсавы вугал.

курсавы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да курса ​2 (у 1, 3, 4, 5 і 6 знач.). Курсавы экзамен. Курсавая работа. Курсавая розніца каштоўных папер.

курса́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Навучэнец курсаў.

2. Выхаванец ваеннай навучальнай установы. Курсант танкавага вучылішча.

курса́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да курсант (у 1 знач.).

курса́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да курсанта, належыць яму. Курсанцкая форма. Курсанцкі білет.

курсі́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. курсіраваць.

курсі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Рабіць рэгулярныя паездкі, рэйсы па пэўнаму маршруту (пра транспарт). Увесь час ад склада збожжа ў поле курсіруюць аўтамашыны. «Звязда». Гэта быў адзін з тых пасажырскіх самалётаў, якія курсіравалі на адлегласці не больш дзвюх гадзін палёту. Шамякін.