купча́сты, ‑ая, ‑ае.
1. З пышнай густой кронай (пра дрэвы). Сасна расце на сухім грудку ля чыгуначнага пераезда. Купчастая, разгалістая, яна мала падобна да гонкіх сваіх сясцёр дзе-небудзь у бары. Навуменка. Садоўнік, відаць, падстрыгаў дрэвы для хараства, каб яны раслі не гонкія, а купчастыя. Пальчэўскі.
2. Пакрыты купінамі; куп’істы. Калі Віктар выбраўся на купчастую балоцістую палянку, дык убачыў, што Мірон схіліўся над журавінамі. Маўр.
купча́сціцца, ‑ціцца; незак.
Расці купчастым, кучаравым. Недалёка ад дарогі купчасцілася некалькі дубоў. Чорны.
ку́пчая, ‑ай, ж.
Тое, што і купчая крэпасць (гл. крэпасць 2). [Авяліна] трымае ў руках купчую на фальварак — кавалак глянцаванай паперы з пячаткаю. Бажко.
ку́пчык, ‑а, м.
Разм. Купец, звычайна малады ці небагаты. Уздагон вазакам нехта весела едзе, — То купчык на санках імчыць. Бядуля.
купчы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.
Разм.
1. Жонка купца.
2. Жанчына, дзяўчына з купецкага саслоўя.
купэ́, нескл., н.
Асобнае памяшканне, аддзяленне ў вагоне для некалькіх пасажыраў. У вагоне пасажыраў было мала. Пападаліся нават зусім пустыя купэ. Колас.
[Фр. coupé.]
купэ́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць купэйнага. Даплата за купэйнасць.
купэ́йны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і купіраваны. Выбірай любое месца: агульны вагон, плацкартны, купэйны, мяккі. Няхай.
купю́ра 1, ‑ы, ж.
Скарачэнне, пропуск у тэксце літаратурнага або музычнага твора. Паасобныя купюры, зробленыя тэатрам, толькі дапамагаюць раскрыццю сутнасці п’есы. Лужанін. Выдавецтва, каб не даць поваду для прыдзірак цэнзуры, зрабіла шмат купюр у найбольш ідэйна насычаных месцах тэксту. У. Калеснік.
[Фр. coupure.]
купю́ра 2, ‑ы, ж.
Назва папяровых грошай, аблігацый і іншых каштоўных папер па іх намінальнай вартасці. Сторублёвая купюра. Дробная купюра.
[Фр. coupure.]
куп’ярэ́з, ‑а, м.
Сельскагаспадарчая машына для зрэзвання купін і выраўноўвання паверхні зямлі.