купа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Мыць, асвяжаць, апусціўшы ў ваду. Купаць дзіця. Купаць каня ў рацэ.
купе́ль, ‑і, ж.
Вялікая пасудзіна, у якую апускаюць дзіця пры царкоўным абрадзе хрышчэння.
купе́на, ‑ы, ж.
Шматгадовая расліна сямейства лілейных з паніклымі кветкамі.
купе́ц, ‑пца, м.
1. Уладальнік гандлёвага прадпрыемства, які займаецца прыватным гандлем. // У дарэвалюцыйнай Расіі — асоба купецкага саслоўя. Купец першай гільдыі.
2. Уст. Пакупнік. Сюды, на «Конскі базар», і з’язджаліся купцы коней. Хведаровіч. // Нар.-паэт. Пра жаніха ў час сватання. — Бывайце, суседзі! — крыкнуў Сімон .. — Прывязу вам купца-малайца, рыхтуйце вяселле! Самуйлёнак.
купе́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да купца (у 1 знач.), купецтва, належыць ім. Купецкі тавар. Купецкія караблі.
купе́цтва, ‑а, н.
1. Купецкае саслоўе.
2. зб. Купцы (у 1 знач.).
куп’ё, ‑я, м., зб.
Купіны. Лес скончыўся, і пачалося сухое балота з высокім куп’ём, старымі абгарэлымі пнямі. Шамякін.
Купідо́н, ‑а, м. (з вялікай літары).
У антычнай міфалогіі — бог кахання ў выглядзе хлопчыка з лукам і стрэламі; Амур, Эрот.
купі́ла, ‑а, н.
Разм. Сродкі, грошы, за якія купляюць што‑н. — Трэба сваю зямлю купляць, — выказаў Міхал думку.. — Так то яно так, але дзе, браце, таго купіла ўзяць? — спытаў, памаўчаўшы, Амброжык. С. Александровіч.
ку́піна, ‑ы, ж.
Кучка зацвярдзелай зямлі на нізкім або балоцістым месцы, аброслая травой, мохам. Мохавая купіна на балоце. Зразаць купіны на лузе. Пераскокваць з купіны на купіну.