Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ку́пальны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да купала. Купальнае перакрыцце.

купа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да купання. Купальны сезон. // Прызначаны для купання. Купальны касцюм.

купа́льня, ‑і; Р мн. ‑лень; ж.

Лёгкая пабудова на вадзе для купання або каля вады для раздзявання купальшчыкаў. // Агароджаны ўчастак вадаёма для купання.

купа́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да купалля, да абрадаў, звязаных з гэтым святам. Купальская ноч. Купальскія абрады. □ Шчасця купальскую кветку У Пушчы дзяды шукалі. Лойка.

купа́льшчык, ‑а, м.

Той, хто купаецца. Берагі мора ў гэты дзень з самае раніцы і да позняга вечара ўсеяны купальшчыкамі. Васілёнак.

купа́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да купальшчык.

купа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. купаць і купацца. Ах, якая пагода Для купання, загару! Ні расы на чынарах, Ні туману, ні хмары! Танк.

купарва́с, ‑у, м.

Сернакіслая соль некаторых цяжкіх металаў. Медны купарвас. Жалезны купарвас.

купарва́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да купарвасу. // Які змяшчае ў сабе купарвас. Купарвасная руда.

купа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Апусціўшыся ў ваду, абмывацца, плаваць, асвяжацца. Купацца ў рацэ. □ З тысяч і тысяч людзей на пляжы купаліся толькі рэдкія адзінкі. Лынькоў. // Апускацца ў што‑н. вадкае, сыпкае. Свінні купаюцца ў лужыне. □ Стаяла на пагодзе. Млелі і купаліся ў гарачым пяску куры. Адамчык.

2. перан.; у чым. Мець, скарыстоўваць чаго‑н. залішне многа. У малацэ купаецца. □ — Правільна... Яна вунь у грашах купаецца, не ведае, што на сябе апранаць, — столькі трантаў. Мыслівец. // Цешыцца, мець асалоду ад чаго‑н. Некалькі дзён думкі яе [Зоські] купаюцца ў сонечных хвалях радасці: Сымонка яе не забыў. Бядуля.

•••

Купацца ў крыві — учыняць масавыя забойствы, пакаранні.

купа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Мыць, асвяжаць, апусціўшы ў ваду. Купаць дзіця. Купаць каня ў рацэ.