вэ́нджаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад вэндзіць.
2. у знач. прым. Прыгатаваны вэнджаннем. Вэнджанае мяса. Вэнджаная каўбаса.
вэ́ндзіцца, ‑дзіцца; незак.
Зал. да вэндзіць.
вэ́ндзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., што.
Правяльваць у дыме (мяса, рыбу, сала). Вэндзіць кумпякі, паляндвіцу.
вэ́рхал, ‑у, м.
Разм. Страшэнны беспарадак, неразбярыха; крык, шум. У доме — вэрхал, усё пайшло дагары нагамі. Карпаў. На ферме зноў падняўся вэрхал: спрачаліся, каму колькі год. Пташнікаў. Бегае, круціцца, галёкае, як ашалелы: вечны вэрхал праз яго на дварэ. Мележ.
вядзе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. весці (у 1, 2 і 6 знач.).
вядзе́рца, ‑а; Р мн. ‑рац; н.
Памянш. да вядро (у 1 знач.); невялікае вядро. З вядзерцам у руцэ.. [Ядвіся] скоранька ішла да студні. Колас.
вядзёрны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да вядра. Вядзёрнае дно.
2. Ёмістасцю ў адно вядро. Вядзёрны бачок. Вядзёрны чыгун.
вядзьма́р, ведзьмара, мн. ведзьмары, ‑оў; м.
Той, хто займаецца вядзьмарствам. На шурпатай кары клалі знак ведзьмары На людскую нядолю і гора. Колас.
вядзьма́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да вядзьмар.