ку́жаль, ‑ю, м.
1. Валакно ачэсанага лёну. Сядзелі за прасніцамі жанкі, прадучы кужаль і кудзелю. Васілевіч. // Ніткі з такога валакна. Кужаль Маланка снавала, Цэўкі сукала і ткала. Купала.
2. Палатно з такіх нітак. Кужаль і шоўк вытыкаюць варштаты Для прыгажэйшых у свеце ўбораў. Танк.
кужэ́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кужалю (у 1 знач.). Кужэльнае палатно. Кужэльныя ніткі. // Пашыты з кужалю (у 2 знач.). Кужэльная кашуля. Кужэльнае адзенне.
ку́заў, ‑зава, м.
Частка павозкі, экіпажа, аўтамашыны і пад., якая служыць для размяшчэння людзей або грузаў. У кузаве на бакавых лаўках сядзела поўна лётчыкаў. Грамовіч. Падыходзіць самазвал з поўным кузавам зеляніны. Дуброўскі.
ку́заўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кузава. Кузаўныя барты.
ку́зіка, ‑і, ДМ ‑зіцы, ж.
Кармавая караняплодная расліна, гібрыд бручкі з кармавой капустай.
[Эст.]
ку́зня, ‑і, ж.
Майстэрня або цэх для апрацоўкі металу коўкай. З самай раніцы і да позняга вечара з кузні даносіўся перазвон малаткоў. Даніленка. // Высок. Пра месца, дзе ствараецца што‑н. вельмі важнае, каштоўнае. Універсітэт — кузня кадраў.
кузу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Тое, што і казяўка. Маркотныя цені сышлі на папары, Дзе мошкі, кузуркі і пчолак атары Мядок бралі з кветак духмяных. Колас.
ку́зька, ‑і, м.
Шкоднік злакавых раслін; хлебны жук. — Жучкі кузькамі называюцца. Іх многа ў жыце. Навуменка.
ку́ка, ‑і, ДМ куцы, ж.
Абл. Вялікі драўляны малаток рознай формы і рознага прызначэння. Паляжаў у калысцы, у пялёнках, а падрос — і работу знайшлі: за каровамі бег [наўздагон], кукай груд[ы] крышыў на раллі... Дубоўка.
кукава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеяслова кукаваць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Зязюля лічыла некаму гады і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка.