Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

кры́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., каго.

Рабіць крыўду каму‑н. Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. І калі здзекуецца нада мною хтосьці — Над Бацькаўшчынай здзекуецца ён маёй, Калі ж над ёй — мяне тым крыўдзіць найцяжэй. Купала.

крыўдлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць крыўдлівага.

крыўдлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка крыўдзіцца, бачыць крыўду там, дзе яе няма. Чалавек я па сваёй натуры не крыўдлівы, даваў кожнаму, хто толькі таго хацеў, у ахвоту пасмяяцца з сябе і са сваёй пісаніны... Сачанка. // Поўны крыўды, які выражае крыўду. Крыўдлівы позірк. □ На яго вачах выступаюць крыўдлівыя слёзы. Бядуля.

кры́ўдна,

1. Прысл. да крыўдны.

2. безас. у знач. вык., звычайна каму. Пра пачуццё крыўды, якое зведвае хто‑н. Леанід пачырванеў, заблішчэлі слёзы — было сорамна перад таварышамі і крыўдна, што яму не вераць. Шахавец.

кры́ўдны, ‑ая, ‑ае.

Які заключае ў сабе крыўду, прычыняе каму‑н. крыўду. Крыўдныя словы. Крыўдная недаверлівасць. □ Цераз вуліцу пракульгаў Каліткаў Валадым, празваны крыўднаю мянушкаю. Вітка.

крыўля́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ляцы, Т ‑ай, ж.

Разм. Той, хто крыўляецца, паводзіць сябе ненатуральна. — Мой брат. Уладзіслаў. Ён добры, толькі крыўляка. Шамякін.

крыўля́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. крыўляцца.

крыўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

Рабіць ненатуральныя рухі цела, грымасы. [П’яны] непрыстойна крыўляецца, штурхаецца, як паяц, прытанцоўвае. Мележ. // Весці сябе ненатуральна, манернічаць. Але добры раманс гучэў ненатуральна: Рая «крыўлялася», голас яе дрынчэў, ламаўся. Шамякін.

крыха́, ‑і, ДМ крысе, ж.

Нязначная колькасць, маленькая часцінка чаго‑н. Крыха поля ля дому была абы-як, дрэнна выраблена. Чорны.

крыху́, прысл.

1. У невялікай колькасці; трошкі, нямнога. Выпіць крыху вады. Адрэзаць крыху хлеба.

2. Чуць-чуць; у нязначнай ступені. Пужліва-варожы змрок крыху расступіўся, парадзеў. Колас. Міколка прасіў дзеда даць яму паднесці пісталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. Лынькоў.