каласі́сты, ‑ая, ‑ае.
З мноствам каласоў або з буйным калоссем. [Алёша] заплюшчыў вочы і ўбачыў і свой прыгажун-камбайн, і бязмежнае поле пшаніцы — высокай, каласістай. Шамякін.
каласі́цца, ‑сіцца; незак.
Выпускаць колас; каласаваць 1. І ячмень, і авёс, і пшаніца Падымаюцца стройнай сцяной, Пачынаюць ужо каласіцца. Астрэйка. // перан. Шумець, пералівацца калоссем. Жыта буйна каласіцца, Нахіляецца чалом. Броўка. Каласяцца нівы на адваяваных ад балота ўрадлівых землях. В. Вольскі.
каласко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да каласка.
каласні́к, ‑а, м.
1. Чыгунная рашотка ў топцы для праходу паветра пад паліва і выпадзення попелу з топкі. Хлапец завіхаўся з жалезнай лапатай, падкідваў у .. топку вугаль, шураваў каласнікі. Лынькоў. У топцы паравоза вываліўся адзін з каласнікоў. Васілёнак.
2. толькі мн. (каласнікі́, ‑оў). Драўляныя або металічныя брусы, злучаныя ў выглядзе рашоткі, у верхняй частцы тэатральнай сцэны для мацавання і спуску дэкарацый.
каласніко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да каласніка. Каласніковая рашотка.
каласо́к, ‑ска, м.
1. Памянш.-ласк. да колас. Ідзе [Міхал], а ветрык з каласкамі Вядзе прыемную размову І цешыць душу леснікову. Колас.
2. Форма ласкавага звароту. — Ой, сыне Ігнаце, Любімы сынок, Хоць вестачку маці Прышлі, каласок. Хведаровіч.
каласо́ўнік, ‑а, м.
Пустазелле сямейства злакавых. Жытні каласоўнік. Каласоўнік безасцюковы.
калатне́ча, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і калатня (у 1, 2 знач.). Але цяпер у Кашчавай хаце такая калатнеча кожны дзень, што аж вокны дрыжаць. Чарнышэвіч. З самай раніцы пачалася несусветная калатнеча ў вёсцы. Людзей зганялі на плошчу. Лынькоў.
калатну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Аднакр. да калаціцца.
калатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да калаціць.