не́вад, ‑а, М ‑дзе, м.
Вялікая рыбалоўная сетка. Стары рыбак выбірае зялёны капронавы невад. Раз-поразу ён кідае ў лодку .. рыбіны. Лужанін. Плывуць маракі, каб іскрыліся хвалі, каб ціхі прыбой калыхаў невады. Грахоўскі.
неважне́цкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Не зусім добры. Дарога.. неважнецкая, на скорую руку праложана... Пальчэўскі. — Коні, калі казаць праўду, дык ужо і зусім неважнецкія. Васілевіч.
невераго́днасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць неверагоднага (у 1, 3 знач.). Неверагоднасць здагадкі. Неверагоднасць чутак.
2. Што‑н. неверагоднае, немагчымае. Марынцы хацелася слухаць Паходню, у якога, як ёй здавалася, было безліч цікавых гісторый, — ён прайшоў шлях, у якім сапраўднасць змешваецца з неверагоднасцю. Хадкевіч.
•••
Да неверагоднасці — надзвычайна, у самай высокай ступені. Гіпотэзы.. былі смелыя да неверагоднасці і грунтаваліся больш на здагадках, чым на навуковай аснове. Шыцік.
невераго́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўяўляецца непраўдападобным, немагчымым; фантастычны. Неверагодныя гісторыі. □ Для сустрэч выдумляліся самыя разнастайныя прычыны — часам нават і неверагодныя. Сіпакоў. Бываюць і ў такой справе, як рыбалоўства, радасныя нечаканасці і ўдачы, калі здзейсняюцца самыя, здаецца, неверагодныя мары і спадзяванні. Шамякін. // Незвычайны, дзіўны. На.. зялёным дыване ў неверагоднай позе ляжаў аголены да пояса чалавек. Асіпенка. І сніліся старому фельчару трывожныя, неверагодныя сны. Кулакоўскі.
2. Надзвычай вялікі, незвычайны па сіле праяўлення, па сваіх памерах і г. д.; неймаверны. Хуткасць ракеты неверагодная — 40 кіламетраў у секунду. Гамолка. Ледзь адарваўшыся ад.. [струменю вады], вадалаз з неверагоднай цяжкасцю прыставіў пластыр да дзіркі. Данілевіч.
3. Які выклікае сумненні ў сваёй правільнасці. Неверагодныя звесткі. □ У мястэчку бытуюць разнастайныя легенды, верагодныя і неверагодныя. «Маладосць».
неверае́мны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Неверагодны. Цішыня невераемная. Ні гуку, ні шолаху, як у казачным царстве, у краіне вечнага змроку. Чарнышэвіч.
невідзі́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
1. У казках і паэзіі — істота, якая мае здольнасць быць нябачнай. // у знач. прысл. невідзі́мкай (‑аю). Нябачна, непрыкметна. А восень ходзіць невідзімкай, Смугой заслаўшы далягляд. Звонак.
2. Маленькая тонкая шпілька або заколка для жаночай прычоскі.
•••
Шапка-невідзімка гл. шапка.
невідо́чны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Нябачны, нявінны. Колісь мы ўтраіх сядзелі На прылессі, перад намі Невідочныя шумелі Чараты ў сівым тумане. Зарыцкі. Тамаш перабіраў пальцамі левай рукі, нібы граў на невідочным інструменце. Бядуля.
невіду́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і невідушчы. Шабуня стомлена, з намаганнем расплюшчыў вочы, але позірк яго быў чужы і невідучы. Мележ.
невіду́шчы, ‑ая, ‑ае.
Які страціў зрок; сляпы. Навошта рэкі і моры, Навошта хмары і зоры, Навошта палі і пушчы, Калі чалавек невідушчы? Дайнека. Сівабароды стары ў сівым армяку, у лапцях, з торбай, стаяў ля пераезду, паклаўшы рукі на доўгі кій і праводзячы цягнік невідушчымі вачыма. Хадкевіч. / у знач. наз. невіду́шчы, ‑ага, м.; невіду́шчая, ‑ай, ж. Нязручна было ісці невідушчаму: здавалася, вось-вось за што-небудзь зачэпішся і пляснешся. Марціновіч. // Які не заўважае, не бачыць таго, што адбываецца навокал. — Табе добра так гаварыць! — адкінулася на спінку крэсла Лёдзя і ўтаропіла перад сабою невідушчы позірк. Карпаў. Дзед Павел рынуўся ў гушчар, чапляючыся за карчы, налягаючы невідушчымі ад страху вачамі на кусты. Паслядовіч.
невінава́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць невінаватага; непрычыннасць да віны, злачынства. Аднавяскоўцы самі ішлі ў пастарунак выручаць сваіх людзей, шчыра перакананыя ў іх невінаватасці. Машара. Спрачаючыся ў думках з Дзіміным, даводзячы яму сваю невінаватасць, Максім Сцяпанавіч не спаў бадай што ўсю ноч. Карпаў.