невераго́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўяўляецца непраўдападобным, немагчымым; фантастычны. Неверагодныя гісторыі. □ Для сустрэч выдумляліся самыя разнастайныя прычыны — часам нават і неверагодныя. Сіпакоў. Бываюць і ў такой справе, як рыбалоўства, радасныя нечаканасці і ўдачы, калі здзейсняюцца самыя, здаецца, неверагодныя мары і спадзяванні. Шамякін. // Незвычайны, дзіўны. На.. зялёным дыване ў неверагоднай позе ляжаў аголены да пояса чалавек. Асіпенка. І сніліся старому фельчару трывожныя, неверагодныя сны. Кулакоўскі.
2. Надзвычай вялікі, незвычайны па сіле праяўлення, па сваіх памерах і г. д.; неймаверны. Хуткасць ракеты неверагодная — 40 кіламетраў у секунду. Гамолка. Ледзь адарваўшыся ад.. [струменю вады], вадалаз з неверагоднай цяжкасцю прыставіў пластыр да дзіркі. Данілевіч.
3. Які выклікае сумненні ў сваёй правільнасці. Неверагодныя звесткі. □ У мястэчку бытуюць разнастайныя легенды, верагодныя і неверагодныя. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)