адпра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.
1. Накіраваць, адаслаць каго‑н. куды‑н. У тую ж ноч палонных салдат і афіцэраў.. пад канвоем конных чырвонаармейцаў.. адправілі ў вёску Высокая Рудня. Колас. Пасля ранення.. [Міхала] перапраўлялі на партызанскі аэрадром, каб адправіць на Вялікую зямлю. Карпаў. // Справіць провады каму‑н., развітацца з ім; справіць вяселле. Адправіць навабранцаў у армію. Адправіць замуж. Адправіць у падарожжа. // Паслаць каго‑н. куды‑н., каб пазбавіцца яго прысутнасці; адпусціць. [Ніна:] — Мясцовых адправілі па дамах, а параненых прафесар забраў да сябе на кватэру. Мікуліч. [Алешын:] Адзіны выхад іх [жанчын і дзяцей] ад смерці збавіць — У час зацішша з крэпасці адправіць. Бачыла.
2. Звольніць каго‑н. з работы; вызваліць ад якіх‑н. абавязкаў. Адправіць на пенсію. □ ...Ужо з дзіцем ты лішняя ў хаце; На службе цябе разлічылі, адправілі — .. Не стала там хлеба дзіцяці. Купала.
3. Даць сігнал на адпраўку; дазволіць адпраўку. І я на таго чалавека крыўдую, Што некалі рана адправіў цягнік. Ляпёшкін.
4. Паслаць карэспандэнцыю, пасылку і пад. Адправіць тэлеграму. □ Апоўдні [Заранік] схадзіў у Старыцу на пошту і адправіў пакет у Мінск. Хадкевіч.
5. Не згадзіцца прыняць.
6. Адслужыць набажэнства. Адправіць імшу.
•••
Адправіць на той свет — забіць, давесці да смерці, загубіць.
адпрага́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адпрагаць — адпрэгчы.
адпрага́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адпрэгчыся.
2. Зал. да адпрагаць.
адпрага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адпрэгчы.
адпрада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адпрасці.
адпра́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адпрасці.
адпра́дзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адпрасці.
адпрасава́ны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адпрасаваць 1.
адпрасава́ны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адпрасаваць 2.
адпрасава́цца 1, ‑суецца; зак.
Зрабіцца гладкім пад дзеяннем праса. Бялізна добра адпрасавалася.
адпрасава́цца 2, ‑суецца; зак.
Спец. Сціснуцца пад дзеяннем прэса, стаць спрасаваным 2.
адпрасава́ць 1, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
Выгладзіць што‑н. прасам. [Ганя] асцярожна зняла з вешалкі бацькаў касцюм і звычайна, нібы Змітрок ужо даўно яго насіў, сказала: — Я адпрасавала крыху... Вось, трымай. Ваданосаў.
адпрасава́ць 2, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
Спец. Апрацаваць прэсам, вырабіць прасоўкай. Адпрасаваць дэталь.