адпра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.

1. Накіраваць, адаслаць каго‑н. куды‑н. У тую ж ноч палонных салдат і афіцэраў.. пад канвоем конных чырвонаармейцаў.. адправілі ў вёску Высокая Рудня. Колас. Пасля ранення.. [Міхала] перапраўлялі на партызанскі аэрадром, каб адправіць на Вялікую зямлю. Карпаў. // Справіць провады каму‑н., развітацца з ім; справіць вяселле. Адправіць навабранцаў у армію. Адправіць замуж. Адправіць у падарожжа. // Паслаць каго‑н. куды‑н., каб пазбавіцца яго прысутнасці; адпусціць. [Ніна:] — Мясцовых адправілі па дамах, а параненых прафесар забраў да сябе на кватэру. Мікуліч. [Алешын:] Адзіны выхад іх [жанчын і дзяцей] ад смерці збавіць — У час зацішша з крэпасці адправіць. Бачыла.

2. Звольніць каго‑н. з работы; вызваліць ад якіх‑н. абавязкаў. Адправіць на пенсію. □ ...Ужо з дзіцем ты лішняя ў хаце; На службе цябе разлічылі, адправілі — .. Не стала там хлеба дзіцяці. Купала.

3. Даць сігнал на адпраўку; дазволіць адпраўку. І я на таго чалавека крыўдую, Што некалі рана адправіў цягнік. Ляпёшкін.

4. Паслаць карэспандэнцыю, пасылку і пад. Адправіць тэлеграму. □ Апоўдні [Заранік] схадзіў у Старыцу на пошту і адправіў пакет у Мінск. Хадкевіч.

5. Не згадзіцца прыняць.

6. Адслужыць набажэнства. Адправіць імшу.

•••

Адправіць на той свет — забіць, давесці да смерці, загубіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)