Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

мясці́цца, мяшчуся, месцішся, месціцца; незак.

1. Змяшчацца, знаходзіцца, размяшчацца. Там жа, дзе пачынаўся за вясковымі платамі выган, мясціўся і будынак школы. Галавач. Пакой, у якім мясціўся сельгасаддзел, быў не так вялікі. Сабаленка. // Мець прыстанішча, жыць. У хутарскіх хатах, разам з гаспадарамі, і мясціліся палонныя з лесапільні. Чорны.

2. Займаць зручнае месца; уладкоўвацца. Хутка сястра пайшла, а хворы, крэкчучы і стогнучы, пачаў мясціцца пад коўдрай. Быкаў. Я чую, як варочаецца на паліцы жанчына, пэўне, месціцца, каб зручней было гутарыць. Галавач.

3. Умяшчацца, змяшчацца. Народ не месціцца ў хаце. Скрыган. Цеснавата калгаснаму дабру .. мясціцца ў старых будынінах. Палтаран. / Аб думках, пачуццях, перажываннях. У галаве .. [Лемеша] не месціцца, як гэта можна пайсці супраць начальства? Колас. Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца. Бураўкін.

мясці́ць, мяшчу, месціш, месціць; незак., каго-што.

Змяшчаць у сабе, умяшчаць; размяшчаць, даваць прыстанішча. Невялікі ўтульны пакой бібліятэкі мясціў у сабе цяжкі пісьмовы стол і дзве шырокія шафы. Галавач. У старога сёння свята, І гасцей не месціць хата. Гілевіч.

мясцко́м, ‑а, м.

Мясцовы камітэт прафсаюзнай арганізацыі. Старшыня мясцкома.

мясцко́мавец, ‑маўца, м.

Разм. Член мясцкома.

мясцко́маўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мясцкома.

мясцо́васць, ‑і, ж.

1. Пэўная частка зямной паверхні. Балоцістая мясцовасць. □ Нізкая вільготная мясцовасць змянілася ўзвышанай. В. Вольскі. Наўкола была адкрытая мясцовасць, і Ніне здавалася, што за ёй сочаць сотні варожых вачэй. Шчарбатаў.

2. Край, раён, акруга. Уся мясцовасць, якою.. [Назарэўскі] цяпер ішоў, была ўжо некалькі дзён савецкая. Чорны.

мясцо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з пэўнай мясцовасцю, уласцівы гэтай мясцовасці. Мясцовыя ўмовы. Мясцовая гаворка. // Які вырабляецца, робіцца ў пэўнай мясцовасці, не прывазны. Мясцовыя вырабы. Мясцовы сорт бульбы. □ Вельмі добра зрабіла праўленне, што ўвяло дадатковую аплату за нарыхтоўку і вывазку мясцовых угнаенняў. «Звязда». // Які жыве ў пэўнай мясцовасці, не прыезджы; які дзейнічае, працуе ў дадзенай мясцовасці. Мясцовы настаўнік. Мясцовы паштальён. □ Супрацоўніцтва з мясцовыя насельніцтвам наладжана на глебе суседскага абмену. Брыль. // Які знаходзіцца, размешчаны ў дадзенай мясцовасці, на дадзенай тэрыторыі. Мясцовы калгас.

2. Які дзейнічае, мае значэнне толькі ў межах пэўнай тэрыторыі; не агульнадзяржаўны. Мясцовая ўлада. Мясцовыя Саветы. Мясцовая газета. □ Арганізацыйная структура кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам павінна базіравацца на спалучэнні цэнтралізаванага дзяржаўнага кіраўніцтва з павышэннем ролі мясцовых арганізацый у кіраванні гаспадаркай. «Звязда».

3. Які пашырае сваё дзеянне толькі на частку чаго‑н. цэлага; не агульны. Мясцовае запаленне лёгкіх.

•••

Мясцовая прамысловасць гл. прамысловасць.

Мясцовы камітэт гл. камітэт (у 1 знач.).

Мясцовы час гл. час.

мя́та, ‑ы, ДМ мяце, ж.

Травяністая расліна сямейства губакветных з моцным пахам, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі і кандытарскай справе. У агародчыку перад кожным домам раслі вяргіні, ружы, бэз, мята. Мурашка. Моцна пахла лугавая мята. Самуйлёнак.

мятла́, ‑ы; мн. мётлы, ‑аў, ж.

Пучок звязаных галінак без лісцяў, звычайна насаджаных на палку, які служыць для падмятання. Дворнік адвярнуўся і пачаў заўзята шоргаць мятлою па тратуары. Якімовіч.

•••

Гнаць мятлою гл. гнаць.

Пад мятлу — начыста, без астатку.

Сядзець як мыш пад мятлою гл. сядзець.

мятла́хскі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: мятлахская плітка гл. плітка.

[Ад геагр. назвы.]