мясціцца, мяшчуся, месцішся, месціцца; незак.

1. Змяшчацца, знаходзіцца, размяшчацца. Там жа, дзе пачынаўся за вясковымі платамі выган, мясціўся і будынак школы. Галавач. Пакой, у якім мясціўся сельгасаддзел, быў не так вялікі. Сабаленка. // Мець прыстанішча, жыць. У хутарскіх хатах, разам з гаспадарамі, і мясціліся палонныя з лесапільні. Чорны.

2. Займаць зручнае месца; уладкоўвацца. Хутка сястра пайшла, а хворы, крэкчучы і стогнучы, пачаў мясціцца пад коўдрай. Быкаў. Я чую, як варочаецца на паліцы жанчына, пэўне, месціцца, каб зручней было гутарыць. Галавач.

3. Умяшчацца, змяшчацца. Народ не месціцца ў хаце. Скрыган. Цеснавата калгаснаму дабру .. мясціцца ў старых будынінах. Палтаран. / Аб думках, пачуццях, перажываннях. У галаве .. [Лемеша] не месціцца, як гэта можна пайсці супраць начальства? Колас. Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)