Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

мярэ́жа, ‑ы, ж.

1. Сетка для лоўлі рыбы, нацягнутая на абручы.

2. Тое, што сваім выглядам нагадвае сетку. Пацямнела. Белая была толькі дарога. У лесе на снег апала густая шэрая мярэжа. Пташнікаў. Насустрач беглі дрэвы, заштрыхаваныя мярэжай дажджу. Мележ.

мярэ́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад мярэжыць.

2. у знач. прым. Вышыты мярэжкай, з мярэжкай. Мярэжаная манішка. Мярэжаная сурвэта.

мярэ́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Вышыўка на тым месцы, дзе з тканіны выцягнуты ніткі.

мярэ́жкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мярэжкі. Мярэжкавая вышыўка.

мярэ́жысты, ‑ая, ‑ае.

Такі, як мярэжка, узорысты.

мярэ́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што і без дап.

Рабіць мярэжку, аздабляць мярэжкай.

мя́са, ‑а, н.

1. Туша ці частка тушы забітых жывёл або птушак, прыгодная для ежы; ежа, прыгатаваная з часткі тушы. Мяса з касцямі. Курынае мяса. Варанае мяса. □ — Наш, калгас можа даць не менш як сто пяцьдзесят цэнтнераў мяса і па восемсот малака на кожныя сто гектараў, — гаварыў дакладчык. Дуброўскі. Яніна засцілае абрус, дастае з шуфляды хлеб, талерку мяса, дзве чаркі і ставіць усё на стол. Козел. // Мяккая мышачная частка цела рыб.

2. Бытавая назва мышцы. Мурза насела на карак мядзведзя і ўгрызлася зубамі глыбока ў яго мяса. Бядуля.

3. Разм. Мяккая частка пладоў, ягад; мякаць.

•••

Белае мяса — курынае мяса або цяляціна.

Дзікае мяса — балючая нарасць на ранах, якія доўга не гояцца.

Воўчае мяса — выказ нездаволенасці канём.

Выдраць (вырваць) з мясам гл. выдраць.

Гарматнае мяса — пра людзей, якіх насільна пасылаюць на смерць у час захопніцкай вайны.

Ні рыба ні мяса гл. рыба.

мяса...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «мяса», «мясны», напрыклад: мясанарыхтоўкі, мясакамбінат, мясапрадукты.

мясае́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Перыяд пасля каляд, калі па закону праваслаўнай царквы дазваляецца есці мяса.

мясакамбіна́т, ‑а, М ‑наце, м.

Прадпрыемства, дзе забіваюць жывёлу і перапрацоўваюць атрыманую сыравіну (мяса).