Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

мяў, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння крыку катоў.

мя́ўканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. мяўкаць; гукі гэтага дзеяння.

мя́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Крычаць (пра катоў). Кот, які да гэтага мяўкаў, супакойваецца і смачна есць. Крапіва.

мя́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да мяўкаць.

мяце́ж, мяцяжу, м.

Стыхійнае ўзброенае паўстанне. Народны мяцеж. Салдацкі мяцеж. // Узброенае паўстанне ў выніку змовы супроць існуючай улады. Контррэвалюцыйны мяцеж.

мяце́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мяцежнага.

мяце́жнік, ‑а, м.

Удзельнік мяцяжу. Няспынна, Цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.

мяце́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да мяцежнік.

мяце́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мяцяжу, да мяцежнікаў, уласцівы ім.

мяце́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае непасрэдныя адносіны да мяцяжу. І помніць дагэтуль Замосце і Снежна, Як беглі палкі генералаў мяцежных. Глебка. // Які заклікае, падбухторвае да мяцяжу. Мяцежная прамова.

2. перан. Трывожны, неспакойны, бурны. Мяцежны характар. □ Мяцежныя жаданні напаўнялі.. [Юльчына] сэрца. Бядуля. Прыходзіў вялікі, прыходзіў мяцежны І радасны росквіт суровай зямлі. Куляшоў.