кру́кам, прысл.
У сагнутым стане, нагадваючы крук. Крукам выгнуўшы спіну, [чалавек] з-пад ног вырывае камень і кідае ў камяніцу. Скрыган.
кру́мканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. крумкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Крумканне крумкача. □ Спеў салаўёў, аднастайнае крумканне жаб у блізкай крыніцы, пах чаромхі і бэзу расчулілі Чыжыка. Лупсякоў.
кру́мкаць, ‑ае; незак.
1. Утвараць гукі, падобныя на «крум-крум» (пра крумкачоў). Трывожна крумкаў на сасонцы крумкач, махаючы крылом. Вялюгін.
2. Абл. Крактаць, квакаць (пра жаб). Крумкалі жабы ў кар’ерах, запоўненых вельмі дарагой тут вадой. Лупсякоў.
крумка́ч, ‑а, м.
Вялікая чорная птушка сямейства крумкачовых, якая жывіцца пераважна падлай; груган.
крумкачаня́ і крумкачанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Птушаня крумкача.
крумкачо́выя, ‑ых.
Сямейства птушак, да якога адносяцца крумкач, варона і інш.
крумкаччо́, ‑а, н., зб.
Крумкачы. Крумкаччо! Я вас пакіну ў вашых чорных хмарах. Караткевіч.
крумкачы́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да крумкача, уласцівы яму. Крумкачыны крык.
крумцы́ркуль, ‑я, м.
Уст. Тое, што і кронцыркуль (у 2 знач.).
[Ням. Krummzirkel — крывы цыркуль.]
круп, ‑у, м.
Запаленне гартані і трахеі, якое суправаджаецца цяжкім дыханнем і задышкай. Сцяпан, паглядзеўшы хлопчыку ў рог, не сумняваўся, што гэта .. [дыфтэрыя]: усе тыповыя прыметы дыфтэрыйнага крупу. Шамякін.
[Англ. croup.]