Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

мо́ршчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., што.

1. Збіраць у маршчыны (скуру, часткі твару). Віцька моршчыў усыпаны залаціста-карычневымі вяснушкамі нос, памагаў у гаворцы рукамі. Карпаў. Васількоў тым часам накідваў тэзісы даклада. Ён часта задумваўся, моршчыў лоб. Асіпенка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Утвараць складкі рабізны на гладкай паверхні (вады), рабаціць. Дзьмуў халодны красавіцкі вецер, .. моршчыў ваду ў лужах, што расплыліся на балоце. Дуброўскі. // без дап. Разм. Ляжаць нягладка, маршчыніцца (пра адзежу).

мо́сенж, ‑у, м.

Уст. Латунь.

[Ням. Messing — латунь.]

мост, ‑а, М ‑сце; мн. масты, ‑оў; м.

1. Збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку і г. д. Чыгуначны мост. Пад’ёмны мост. □ Гулка аддаецца тупат капыт па драўляным мосце. Бядуля. І ўсе сходзяцца на адным: да таго, як будзе пабудаваны капітальны мост праз Дзвіну ў раёне будоўлі, на месцы пераправы патрэбен наплыўны мост. Грахоўскі. // перан. Тое, што служыць звяном сувязі паміж кім‑, чым‑н. Бясхітрасна і проста Сыду на берагі чужыя я. Хачу зрабіцца хоць маленькім мостам Між імі і табой, зямля мая. Панчанка.

2. У спорце — пастава, пры якой цела выгнута грудзямі ўверх з апорай на далоні і пяткі.

3. Спец. Частка шасі аўтамашыны, трактара, размешчаная над восямі і звязаная з коламі. Пярэдні мост. Задні мост.

4. Спец. Планка, на якой замацоўваецца рад штучных зубоў.

•••

Паветраны мост — авіяцыйная лінія з перавалачнымі аэрадромамі і навігацыйным абсталяваннем.

Пантонны мост — мост на пантонах.

(Патрэбен) як у мосце дзірка гл. дзірка.

Проста з моста гл. проста.

Спаліць масты (за сабой) гл. спаліць.

мостабудава́нне, ‑я, н.

Пабудова мастоў.

мостабудаўні́к, ‑а, м.

Спецыяліст па будаўніцтву мастоў.

мостабудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мостабудавання.

мо́сцік, ‑а, м.

1. Памянш. да мост (у 1 знач.); невялічкі мост. Пад нагамі заскрыпелі дошкі маленькага мосціка праз раўчук. Шамякін. І неяк міжвольна перакідаецца мосцік паміж учарашнім днём і заўтрашнім. Шахавец.

2. Тое, што і мост (у 2, 4 знач.).

3. Высокая пляцоўка, узвышэнне на караблях, некаторых машынах для назірання за чым‑н., камандавання. Капітанскі мосцік. □ Марына адной рукой ухапілася за поручань, а другой ускінула кошык на паравозны мосцік. Кавалёў. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў і тоўсты Амархан. Даніленка.

мот, ‑а, М моце, м.

Той, хто неразумна траціць, матае грошы, маёмасць.

мота...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: 1) маторны, напрыклад: мотапіла, мотадрызіна; 2) матарызаваны, напрыклад: мотабатальён, мотадывізія; 3) матацыклетны, напрыклад: мотагурток, мотагонкі.

[Ад лац. motor — які прыводзяць у рух.]

мотаама́тар, ‑а, м.

Вадзіцель матацыкла, мотаролера або мапеда, які мае пасведчанне на права ваджэння і не з’яўляецца прафесіяналам.