Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

мо́льбішча, ‑а, н.

Месца рэлігійных маленняў і ахвярапрынашэнняў язычнікаў.

мо́мант, ‑у, М ‑нце, м.

1. Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, міг. На нейкі момант у пакоі запанавала цішыня. Шыловіч. Адзін момант — і першая лінія службы дзесяткамі зоркіх вачэй і чуткіх вушэй заблакіравала граніцу. Брыль. // чаго. Адрэзак часу, калі пачынаецца нейкае дзеянне, з’ява. Момант спаткання. Момант зацішша.

2. Пэўны прамежак часу, этап у гісторыі, развіцці чаго‑н., у жыцці каго‑н. Паэт [Колас] не прапусціў ніводнага больш-менш значнага моманту з жыцця і працы селяніна. Навуменка. Бывае, што нечакана светлы момант узнагароджвае чалавека за многія гады пакут. Кулакоўскі.

3. Частка, элемент, асобны бок якой‑н. з’явы. На мастацкіх палатках адлюстраваны моманты з працоўнай дзейнасці і адпачынку працоўных. «Беларусь».

4. Спец. Матэматычнае паняцце, якое адыгрывае значную ролю ў механіцы і тэорыі імавернасцей. Момант інерцыі. Момант сілы.

•••

Бягучы момант — сучасны, цяперашні момант.

Магнітны момант — асноўная велічныя, якая характарызуе магнітныя ўласцівасці рэчыва.

На момант — на імгненне; вельмі коратка.

У адзін момант — тое, што і у адзін міг (гл. міг).

[Лац. momentum.]

мона... (а таксама мана...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «адно», «адзіна», напрыклад: монатэізм, монакультура.

[Ад грэч. mónos — адзін.]

монакрышта́ль, ‑я, м.

Спец. Адзіночны крышталь.

[Ад грэч. mónos — адзін і слова крышталь.]

монакульту́ра, ‑ы, ж.

Спец. Вырошчванне на працягу многіх гадоў адной і той жа сельскагаспадарчай культуры на адным і тым жа ўчастку.

[Ад грэч. mónos — адзін і слова культура.]

монакульту́рны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да монакультуры.

монаметалі́зм, ‑у, м.

Спец. Грашовая сістэма, пры якой у аснову грашовага абарачэння пакладзены адзін валютны метал (золата або серабро).

[Ад грэч. mónos — адзін і лац. metallum — метал.]

монаметалі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да монаметалізму.

монатэі́зм, ‑у, м.

Рэлігійная вера, заснаваная на пакланенні адзінаму богу; адзінабожжа; проціл. політэізм.

[Ад грэч. mónos — адзін і theos — бог.]

монатэі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік монатэізму.