мо́длы, ‑аў.
Уст. Малітва. Маліўся дзядзька з тым разлікам, Каб кончыць модлы каля дома. Колас. Часамі .. [дзед] проста выдумляў свае ўласныя модлы, у якіх ад царкоўна-славянскай мовы не заставалася і знаку. Лужанін. // Моцная просьба, маленне. Зямля беларуская, сонечны край, Начуй нашы модлы любві! Глебка.
мо́дна, прысл.
Згодна з модай. На борце самалёта было толькі чатыры пасажыры: савецкі інжынер Міхаіл Ярохін, адзін паважаны, модна апрануты англічанін і маладая канадка з дачкой год чатырох. Шамякін. Вывесілі на вагоне аб’яву, што тут, у цырульні на колах, можна модна пастрыгчыся. Карпаў.
мо́днік, ‑а, м.
Разм. Той, хто ва ўсім прытрымліваецца моды; франт. Мяне асабліва цікавіў .. [гаспадар], бо глядзеў з партрэта на нас у капялюшыку набакір. Ну, ці ж гэта не моднік, не купалаўскі пан Быкоўскі? Пестрак.
мо́днічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Прытрымлівацца моды; франціць.
мо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены па модзе, адпаведна з модай. Модны капялюш. □ Сіняе паліто з чорным коцікавым каўняром было моднае, шчыльна аблягала .. [Ірыніну] постаць. Чорны. Бант быў чорны, а па чорнаму — чырвоныя і белыя гарошыны, вельмі модны бант. Мікуліч.
2. Які прытрымліваецца моды, ідзе за модай. Перад.. [Алесем] стаяў Кібрык. У светлым касцюме, вясенні, модны. Шыцік.
3. Які мае адносіны да моды (у 2 знач.).
4. Які карыстаецца папулярнасцю, агульным прызнаннем у гэты перыяд. Модны пісьменнік. Модны раманс. □ Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік.
мо́дуль, ‑я, м.
1. У тэхніцы — назва некаторых каэфіцыентаў. Модуль пругкасці.
2. У матэматыцы — лік, на які трэба памножыць лагарыфм адной сістэмы, каб атрымаць лагарыфм другой сістэмы.
3. У будаўнічай справе і архітэктуры — умоўная адзінка даўжыні, якая ўжываецца для каардынацыі памераў будоў, збудаванняў і іх частак.
[Фр. module, ад лац. modulus — мера.]
мо́дульны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да модуля.
мо́дус, ‑а, м.
1. У логіцы — разнавіднасць сілагізму.
2. У філасофіі 17–18 стст. — мінучы стан або мінучая ўласцівасць матэрыі.
3. Кніжн. Спосаб чаго‑н. Модус пагаднення. Модус прадстаўніцтва.
•••
Модус вівендзі — умовы, якія робяць магчымым хоць часовае пагадненне паміж двума варожымі бакамі (лац. modus vivendi — спосаб існавання, жыцця).
[Лац. modus — мера; спосаб; від.]
мо́жа,
1. гл. магчы.
2. У пытальных сказах надае пытанню адценне просьбы, змякчае яго катэгарычнасць. — Шпалеркі свежыя паклалі. — Кучук павёў рукою. — Можа толькі пад густ не ўладзілі? Лобан.
3. у знач. пабочн. Можа быць, магчыма. — Ты б, можа, з’еў чаго, сынок? — запытала Цімошку матка. Колас. — У цябе, можа, шнур які знойдзецца? — запытаўся.. [Канькоў], не паварочваючыся да Даміры. Асіпенка.