моватво́рац, ‑рца, м.
Кніжн. Той, хто ўдзельнічае ў моватворчым працэсе.
моватво́рчасць, ‑і, ж.
Кніжн. Працэс стварэння новых слоў і выразаў людзьмі, якія гавораць на данай мове. Народная моватворчасць.
моватво́рчы, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які звязаны з моватворчасцю. Моватворчы працэс. Моватворчая дзейнасць.
мо́ва-пасрэ́днік, мовы-пасрэдніка, ж.
Штучная мова, якая служыць сродкам ідэнтыфікацыі граматычных катэгорый пры аўтаматычным перакладзе.
мо́віць, моўлю, мовіш, мовіць; зак.
Разм. Сказаць; вымавіць.
мо́гілкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да могілак. Вецер гнаў нізкія хмары, разгойдваючы верхавіны дрэў за могілкавай агароджай. Галавач.
мо́гілкі, ‑лак і ‑лкаў; адз. няма.
Месца, дзе хаваюць памёршых. Слёзы на людскіх тварах мяшаліся з дажджом, і здавалася, што ўсе плачуць, усе сорак тысяч людзей, якія праводзілі забітых на могілкі. Арабей. Пішчыкаў стаяў на краі.. могілак, дзе быў выкананы дол. Алешка. // перан. Месца, куды звозіцца старая або набітая тэхніка. Вось і паравозныя могілкі. Лынькоў. На гэты раз .. [Раманенка] з цікавасцю і здавальненнем некалькі хвілін разглядаў велізарныя могілкі варожай тэхнікі. Шамякін.
мо́гільнік, ‑а, м.
1. Тое, што і могілкі. Маці памерла і была пахавана ў тым далёкім кутку могільніка пад вязамі, куды цяпер хадзіла прыцемкамі незнаёмая жанчына. Чорны.
2. Старажытныя могілкі. На месцы раскопак быў выяўлен старажытны могільнік. «Беларусь».
мо́гільнікавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да могільніка.
мо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Панаванне ў пэўным грамадскім асяроддзі тых ці іншых густаў, якія праяўляюцца пераважна ў асаблівасцях адзення. Апраналася панна Ядвіга паводле апошняй моды з Вільні. Бядуля. // перан. Агульнае прызнанне, вядомасць у даны час. Мода на эстрадную песню. Мода на кнігу.
2. толькі мн. (мо́ды, мод). Навейшыя фасоны ўбораў. Часопіс мод.
3. Разм. Звычай, прывычка. Аграном колькі часу ідзе моўчкі за фурманкай. Мода ў яго такая. Б. Стральцоў.
•••
(Апошні) крык моды гл. крык.
Выйсці з моды гл. выйсці.
Мець моду гл. мець.
Увайсці ў моду гл. увайсці.
Узяць (займець, паняць) моду гл. узяць.
[Фр. mode.]