кругаві́на і круго́віна, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і круглавіна. Там-сям па кругавіне горада стаялі, бы вытачаныя, фабрычныя трубы з хвастамі цёмнага дыму. Колас. Ціток абышоў усю гэту круговіну лесу, агледзеў. Лобан.
кругавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да круга, адбываецца па кругу. Кругавы маршрут. Кругавыя працэсы.
•••
Кругавая абарона — лінія абароны, якая ўтварае замкнуты ланцуг вакол якога‑н. пункта.
Кругавая парука — а) калектыўная адказнасць усіх членаў якой‑н. групы людзей за дзеянні гэтай групы або асобных яе членаў; б) узаемнае ўкрывальніцтва, узаемная выручка.
кругавярча́льны, ‑ая, ‑ае.
Які адбываецца па кругу. Кругавярчальны рух.
кругавярчэ́нне, ‑я, н.
Рух па кругу, кругавое вярчэнне.
кругагля́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Прастора, якую можна ахапіць позіркам. Асенняе сонца ўзнялося над зямлёй, і пашырэў кругагляд. Чарнышэвіч.
2. перан. Аб’ём, шырыня ведаў, інтарэсаў і пад. [Лабановіча] цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд. Колас.
кру́гам, прысл.
У форме круга, утвараючы круг. Сесці кругам вакол стала. □ [Партызаны] стаялі кругам і пра нешта ціха і стрымана размаўлялі. М. Ткачоў.
•••
Галава ідзе кругам гл. галава.
кругападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які па форме, абрысах нагадвае круг. Кругападобная паляна.
кругасве́тны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з падарожным, паездкай вакол зямнога шара. Кругасветнае падарожжа. Кругасветнае плаванне.
кругла...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «круглы», напрыклад; круглабокі, круглагаловы.
круглабо́кі, ‑ая, ‑ае.
З круглымі, круглаватымі бакамі. Круглабокі валун.