мітрэ́нга, ‑і, ДМ ‑рэнзе, ж.
Разм. Трывога, неспакой, сумятня, разлад. Там, на суседскім агародзе, перапалох, мітрэнга. — Анютка, галубка! Пакліч свайго Васіля, няхай бярэ пілу і сякеру і хутчэй бяжыць сюды!.. — на ўсю сядзібу лямантуе баба Алімпа. Васілевіч. [Грасыльда:] Заснуць я, сын, тады не магла. Такая мітрэнга ў вёсцы .. [Бацьку] у штаб да Міхала цягалі, на калені ставілі, аўтамат чорны да грудзей прыстаўлялі. Пташнікаў. Мітрэнга цэлая ўзнялася пасля слоў чарнявага.. Усе паўставалі, хто сядзеў. Ігнась паспрабаваў загаманіць, але яго не слухалі. Гаварылі ўсе. Мурашка.
мітрэ́нжыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., каго-што.
Разм. Трывожыць, непакоіць, уносіць сумятню, разлад у што‑н. Мітрэнжылі камары і разам з сасновымі калючымі лапкамі лезлі ў вочы. Пташнікаў. І мітрэнжыць не дазволім Лад наш камунарскі. Купала.
мітульга́, ‑і, ДМ ‑льзе, Т ‑ой (‑ою), ж.
Разм. Мітусня; мільгаценне чаго‑н. Постаць Салаўя знікла за голымі кустамі ў мітульзе дробнага дажджу. Грахоўскі. Іншы раз з кроплямі дажджу падала снегавая мітульга і тут жа раставала ў лужынах і на чорнай зямлі. Хадкевіч.
мітусе́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. мітусіцца.
мітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; незак.
1. Хутка і бесперастанку перамяшчацца ў розных напрамках. У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат. // Бязладна і мітусліва рухацца; насіцца. Дзяўчына ў чоўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Маўр. Мітусіліся па ветры лянівыя сняжыны, садзіліся на твар, заляталі .. за каўнер шыняля. Галавач. // перан. Бязладна праносяцца, з’яўляцца і хутка знікаць у памяці. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. Лынькоў. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ.
2. Увіхацца, мітусліва рабіць што‑н. [Шымет] яшчэ некалькі гадзін мітусіўся каля згружанай цэглы, папраўляў клеткі, нешта пералічваў, перамерваў. Кулакоўскі. Сама .. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе пасадзіць гасцей. Шахавец.
3. Мільгацець перад вачамі. Цяпер не чытае стары, вочы не так добра бачаць, літары мітусяцца і расплываюцца. Крапіва. // у безас. ужыв. У вачах мітусілася, некаторых нават пачало нудзіць. Новікаў.
мітуслі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць мітуслівага. [Пачулія:] — Найбольш мне мітуслівасць твая не падабаецца, я люблю працаваць спакойна: выйграў — добра, прайграў — плакаць не буду. Самуйлёнак. Варта было прыйсці Галынскаму, як разгубленасць і мітуслівасць зніклі. Галавач.
мітуслі́вец, ‑ліўца, м.
Разм. Той, хто мітусіцца (у 1, 2 знач.); неспакойны чалавек. Алёшка — мітуслівец, яму бясконца трэба блукаць і шукаць нечага. Хадкевіч.
мітуслі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які хутка і бесперапынна рухаецца ў розных напрамках. [Хлопцы] доўга і пільна прыглядаліся да шумных мітуслівых гракоў, клікалі Грышу. Якімовіч. Спалохана ўзляталі з прыдарожных соснаў мітуслівыя сарокі. Лынькоў. // Паспешлівы, неўраўнаважаны; бязладны. Ішлі хлопцы; беглі, каб не спазніцца, мітуслівыя дзяўчаты. Лынькоў. Рухі Пятра вуглаватыя, мітуслівыя і лёгка выдавалі яго як непрактычнага ў гаспадарчых справах інтэлігента. Ракітны.
2. Які мільгае, мітусіцца перад вачыма. Пры мітуслівым святле свечкі Анупрэй разгледзеў чалавек восем вайсковых. Грахоўскі. Да фермы набліжаліся мітуслівыя кроплі ліхтароў — беглі людзі. Місько. Агеньчыка ззаду не было — патух ці закрыла мітуслівая заслона завірухі. Мележ.
3. Неспакойны, поўны мітусні (у 1, 2 знач.). Мітуслівы горад. □ Усе былі стомлены, але тое, што такі гарачы і мітуслівы дзень прайшоў удала, бадзёрыла і радавала. Хадкевіч. // Якому ўласціва мітусня. Жанчыны займаліся той дробнай мітуслівай работай, якой амаль не відаць, але якая надзвычай стамляе і ўрэшце прыводзіць да апатыі, абыякавасці. Шамякін.
мітусня́, ‑і, ж.
1. Хуткі і бесперапынны рух у розных напрамках. З маленства .. [Алесь] любіў каток і тую мітусню, што панавала на ім. Шыцік.
2. Паспешнае, неспакойнае перамяшчэнне з месца на месца. У вагоне пачалася мітусня, якая звычайна бывае перад апошняй станцыяй. Васілёнак.
3. Бязладнае мільганне перад вачыма. Адкрыеш вочы, і зноў пачынаецца мітусня зданнёвых прывідаў, незразумелая галюцынацыя. Лынькоў.
мітусяні́на, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і мітусня (у 1, 2 знач.). І не спынілася машына, А ўжо пайшла мітусяніна: Хватаюць клумкі пасажыры, Пад рукі б’юць зайцыпраныры. Колас.