Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

містэ́рыя, ‑і, ж.

1. У Старажытнай Грэцыі, Старажытным Рыме і краінах Старажытнага Усходу — тайныя рэлігійныя абрады ў гонар бажаства, у якіх маглі прымаць удзел толькі давераныя асобы.

2. Рэлігійная драма на біблейскія сюжэты ў сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе.

[Ад грэч. mystērion — таінства.]

міткалёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да міткалю. Міткалёвы цэх. // Зроблены з міткалю. Міткалёвая кашуля. Міткалёвая тканіна.

мітка́ль, ‑ю, м.

Самая простая тонкая баваўняная тканіна.

[Ад перс. metqal.]

мітка́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і міткалёвы.

міто́з, ‑у, м.

Спец. Найбольш пашыраны спосаб размнажэння клеткі ў жывых арганізмах і раслінах.

[Грэч. mitos — нітка.]

мі́тра, ‑ы, ж.

Пазалочаны і аздоблены рэлігійнымі эмблемамі галаўны ўбор прадстаўнікоў вышэйшага духавенства ў праваслаўнай і каталіцкай царкве, які надзяваецца ў часе набажэнства.

[Ад грэч. mitra — галаўная павязка, дыядэма.]

мітралье́за, ‑ы, ж.

Скарастрэльная мнагаствольная гармата, якая страляе карцеччу. Не стрымаць пралетарскага ўзлёту Ні мітральезай, Ні кулямётам. А. Александровіч.

[Фр. mitrailleuse, ад mitraille — карцеч.]

мітрапалі́т, ‑а, М ‑ліце, м.

Вышэйшае званне праваслаўных епіскапаў. // Асоба, якая носіць гэтае званне.

[Грэч. mētropolitēs.]

мітрапалі́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мітрапаліта, належыць яму.

мітрапо́лія, ‑і, ж.

Царкоўна-адміністрацыйная акруга, якой кіруе мітрапаліт, а таксама галоўны горад гэтай акругі.

[Грэч. mētropolis.]