Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

мі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Рэлігійна-ідэалістычны погляд, які прызнае існаванне надпрыродных, таямнічых сіл і магчымасць зносін з імі чалавека.

2. перан. Разм. Нешта загадкавае, чаго нельга адразу зразумець, растлумачыць. Ждановіч расказваў Купалу пра новую пастаноўку «Раскіданага гнязда», у якой не будзе ні містыкі, ні сімволікі. Рамановіч.

[Ад грэч. mystikos — таямнічы.]

містыфікава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад містыфікаваць.

містыфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., каго-што і без дап.

Зрабіць (рабіць) каго‑н. прадметам, ахвярай містыфікацыі.

містыфіка́тар, ‑а, м.

Той, хто займаецца містыфікацыямі; ашуканец, падманшчык.

містыфіка́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да містыфікатара.

містыфіка́цыя, ‑і, ж.

Наўмыснае ўвядзенне каго‑н. у зман.

[Фр. mystification, ад грэч. mystēs — які ведае таінства і лац. facere — рабіць.]

містыцы́зм, ‑у, м.

Рэлігійна-ідэалістычны светапогляд, заснаваны на містыцы; схільнасць да містыкі.

[Фр. misticisme, ад грэч. mystēs — таямнічы.]

місты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць містычнага.

місты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да містыкі і містыцызму. Містычная тэорыя. // Прасякнуты містыкай. Містычная паэзія. □ Апан[а]ваны бадай што містычным жахам, Нявада ўбег у хату. Чорны.

2. перан. Які нельга растлумачыць, незразумелы. У .. разуменні [прадстаўнікоў буржуазна-дваранскай дэкадэнцкай літаратуры] паэт — жрэц, тэург, а творчы акт — таемнае, містычнае натхненне, у час якога ён выракае нейкую вышэйшую нябесную праўду. Івашын.

мі́стэр, ‑а, м.

Назва мужчыны ў Англіі і Амерыцы (звычайна ставіцца перад прозвішчам.)

[Англ. mister.]