ра́зам, прысл.
1. Сумесна, у сукупнасці з кім‑, чым‑н. І радасць уцехі, і горкія слёзы Дзялілі вы, разам ў жыцці ідучы. Броўка. [Пніцкі:] — Адзін скажа, другі скажа, дык яно разам як збярэцца — паглядзіш тады, дык яно нешта і выходзіць. Чорны. — Ну што? наеліся аладак? — Жартуе дзядзька тут з малымі Ды йдзе ўжо ў хату разам з імі. Колас. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Мацяш.
2. Разм. Адначасова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Канчаўся адлёт жураўлёў, а разам з ім і пагодлівае бабіна лета з яго белымі туманамі, павуцінай на ржышчы і барвовай квеценню лісцяў. Асіпенка. Хоць снягоў на дрэвах пена, Хоць займае вецер дух, — На дварэ заліўся певень Разам з песняй маладух. Янішчыц.
3. У адзін прыём. Амаль улабкі са мной прывіталася Алена Іванаўна. Не разабраўшы, што яна такое сказала мне, я адказаў ёй разам: — Ага, добры дзень. Ермаловіч.
4. Усяго (агульная сума чаго‑н.).
•••
Разам з тым — у той жа час, адначасова.
разамкну́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разамкнуць.
2. у знач. прым. Раз’яднаны, з прамежкамі (пра строй). Разамкнутая шарэнга.
разамкну́цца, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся, ‑нуцца; зак.
Раз’яднацца, перастаць быць самкнутым. Жандарскі ланцуг, які вёў купку арыштаваных, — разамкнуўся, усмактаў у сваё нутро і гэтых траіх. Баранавых. Рука сама разамкнулася і выпусціла Максімаву руку. Машара. // Рассунуцца, разысціся ў розныя бакі. Рады разамкнуліся. // Утварыць або павялічыць інтэрвалы, прамежкі. Разамкнуцца на выцягнутыя рукі.
разамкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
Раз’яднаць што‑н. самкнутае. — Мне трэба ісці, Вадзік,.. — ціха кажа Ганька, не здолеючы разамкнуць кола моцных хлапечых рук. Васілевіч. // Рассунуць, развесці ў розныя бакі. Разамкнуць вароты шлюза. // Утварыць або павялічыць інтэрвалы, прамежкі. Разамкнуць строй. // Раскрыць (самкнутыя зубы, губы і пад.). Калі заканчвалі перавязку, Андрэй разамкнуў павекі і, стрымліваючы стогн, спытаў: — Што з атакай? М. Ткачоў.
разамле́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Расслаблены, вялы. Ад Расянкі цягнула халаднаватай вільгаццю, якая пасля спякотнага дня прыемна лашчыла разамлелае цела. Асіпенка. / у вобразным ужыв. Хораша вось так, учатырох, ісці палявой дарогай, дыхаючы на поўныя грудзі густымі пахамі разамлелай, тлустай зямлі. Навуменка.
разамле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Стаць расслабленым, вялым. Цела сагрэлася, разамлела, думкі затуманіліся салодкай дрымотай. Якімовіч. Падняцца трэба толькі. Але цяжка падняцца, каб і хацеў, — разамлелі ногі, баляць плечы, ныюць і пякуць на далонях мазалі ад нажа. Пташнікаў.
разані́на, ‑ы, ж.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэзаць (у 3 знач.).
разану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Імкліва рухаючыся, з сілай ударыцца аб што‑н.; трэснуцца. Чалавек проста разануўся недзе, калі вылятаў з канюшні разам з коньмі. Кулакоўскі.
разану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Аднакр. да рэзаць (у 1, 2, 7 і 8 знач.).