Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ларынгаскапі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да ларынгаскапіі, ларынгаскопа. Ларынгаскапічныя даследаванні.

ларынгаскапі́я, ‑і, ж.

Спец. Даследаванне гартані, звычайна з дапамогай ларынгаскопа.

[Ад грэч. larynx — гартань і skopeō — гляджу.]

ларынгаско́п, ‑а, м.

Спец. Прыбор у выглядзе плоскага люстра на доўгім стрыжні для даследавання гартані.

[Ад грэч. larynx — гартань і skopos — наглядальнік.]

ларынгафо́н, ‑а, м.

Спецыяльны мікрафон, які прыкладваецца да гартані (частка перагаворнага ўстройства, якое выкарыстоўваецца ва ўмовах вялікага шуму).

ларынгі́т, ‑у, М ‑гіце, м.

Спец. Запаленне слізістай абалонкі гартані. Востры ларынгіт.

[Ад грэч. larynx — гартань.]

ларынго́лаг, ‑а, м.

Урач — спецыяліст па хваробах вуха, горла, носа.

ларэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Уст. Жанчына лёгкіх паводзін; какотка.

[Фр. lorette.]

ла́са, прысл.

З асаблівай цягай да каго‑, чаго‑н.; прагна. Сумна, моташна ўдаве, Усё мужчыны ў галаве, Паглядае на іх ласа. Крапіва. Бабуля развязвае слоічак з мёдам, а Ніна ласа глядзіць. Брыль.

ла́савацца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; заг. ласуйся; незак., чым і без дап.

Есці што‑н. смачнае, любімае. Дзеці будуць ласавацца цукеркамі з барбарысавай начынкай. Хомчанка. Кожную раніцу, на досвітку, вяртаюцца дзікі з трысця на беразе рэчкі, дзе ўсю ноч ласуюцца салодкімі карэннямі вадзяных раслін. В. Вольскі. // перан. Цешыцца, задавальняцца чым‑н., атрымліваць асалоду. Ласаваліся апошнім сонечным цяплом лясныя восы. Лынькоў.

ла́саваць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; заг. ласуй; незак., каго.

Карміць чым‑н. смачным, частаваць ласункамі. Ласаваць дзяцей варэннем. □ Бабулька Ганна мяне частавала варэннем, часта ласавала нейкім салодкім квасам. Сабаленка.