Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

мёртва,

1. Прысл. да мёртвы (у 1, 2, 4 знач.).

2. безас. у знач. вык. Ціха, вяла, змярцвела. Ціха, мёртва і тужліва, Толькі лускае мароз. Колас.

мёртванаро́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Які нарадзіўся мёртвым. Мёртванароджанае дзіця.

2. перан. Нежыццёвы, які нельга ажыццявіць. Мёртванароджаны праект.

мёртвы, ‑ая, ‑ае.

1. Той, які памёр; нежывы. Па дарогах валяліся разбітыя машыны, мёртвыя і параненыя фашысты. Якімовіч. Пасярод сцежкі ляжаў мёртвы алень, а над ім стаяла вялікая рысь. В. Вольскі. // у знач. наз. мёртвы, ‑ага, м.; мёртвая, ‑ай, ж. Мярцвяк, нябожчык. Засмужац нахіліўся да мёртвага, скрыжаваў яго рукі на грудзях. Мележ. // Засохлы, завялы (пра расліны). Мёртвыя лісты.

2. Такі, як у памёршага; нерухомы, бледны. Мёртвы твар. □ Каменныя львы з гладкай плошчы тэрасы паглядалі .. мёртвымі задуменнымі вачыма. Бядуля. Зачэпа слухаў усіх, усміхаўся сваёй мёртвай усмешкай. Асіпенка. // перан. Бледны, бляклы; не яркі. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ.

3. На якім няма нічога жывога; бясплодны, пустынны. Мёртвая пустыня. □ Калі ж варожыя палкі Прыйшлі таптаць маю радзіму, Іх ахінуў ты ў саван дыму І кінуў мёртвыя пяскі На іх бясслаўныя магілы. Танк. // На якім спыніўся, замёр рух; апусцелы. Шаша была мёртвай. Асіпенка. Мёртвай стала .. [Сымонава] хата, і ён хадзіў па ёй адзін, як прывід. Чарнышэвіч. // перан. Які не выкарыстоўваецца, якога нельга выкарыстаць. Мёртвыя груды металу. □ Абкураныя, мёртвыя калоды вулляў стаялі, як магільныя помнікі, у спаленым садзе. Самуйлёнак.

4. перан. Пазбаўлены жыццёвасці; неактуальны. Мёртвая кніжнасць. Мёртвыя вобразы.

5. Пазбаўлены гукаў, нямы. Ды гэты лес, хоць ён і немы, Але скрозь ціш халоднай дрэмы, Скрозь гэты мёртвы сон зімовы Вядзе з Міхалам казкі-мовы. Колас. Ціхая і мёртвая асенняя ноч. Бядуля. // Поўны, абсалютны (пра цішыню, спакой, маўчанне). У пакоі была мёртвая цішыня. Лынькоў.

•••

Мёртвая гадзіна гл. гадзіна.

Мёртвая зона (спец.) гл. зона.

Мёртвая мова гл. мова.

Мёртвая прастора гл. прастора.

Мёртвая прырода гл. прырода.

Мёртвая пятля гл. пятля.

Мёртвы вузел гл. вузел.

Мёртвы інвентар гл. інвентар.

Мёртвы пункт (спец.) гл. пункт.

Мёртвы сезон гл. сезон.

Мёртвы штыль гл. штыль.

Мёртвы якар гл. якар.

Ляжаць мёртвым грузам гл. ляжаць.

Мёртвая вада гл. вада.

Мёртвая хватка гл. хватка.

Мёртвы капітал гл. капітал.

Мёртвыя душы гл. душа.

Ні жывы ні мёртвы гл. жывы.

Піць мёртвую гл. піць.

Спаць мёртвым сном гл. спаць.

Як мёртваму прыпарка (паможа) гл. прыпарка.

мі, нескл., н.

Трэці гук музычнай тамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук.

[Іт. mi.]

міг, ‑у, м.

Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, момант. Воўк завыў ад болю і схаваўся пад вадой, але праз міг вынырнуў і штосілы паплыў назад. Краўчанка. Колькі ўсяго прагучала ў хвіліну, Колькі за міг занялася ў душы!.. Кірэенка. // Пэўны прамежак часу. І мы запомнілі той міг, Бо сэрцам верылі ў адно — У новы век для нас усіх Сам Ленін адчыніў акно. Калачынскі. Лета, кароткае лета, Міг урачыстасці кветак, Свята паўночнай красы. А. Александровіч.

•••

У адзін міг (момант, імгненне) — вельмі хутка, імгненна.

міга́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм.

1. Газоўка, лямпачка без шкла. [Чмаруцька:] — Калі ж ты запаліў гэту мігалку, пры ёй нічога і не ўбачыш. Лынькоў.

2. Ліхтар, які ўспышкамі падае сігналы транспарту. Мігалка па рацэ.

міга́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які служыць для мігання. Мігальная перапонка.

2. З раснічкамі, якія знаходзяцца ў пастаянным руху. Мігальны эпітэлій.

мі́гам, прысл.

Разм. Вельмі хутка, у адзін момант. Мігам уся Андрэева вопратка робіцца мокрай і халоднай. Васілёнак. Хлапчукі мігам паразбягаліся хто куды, але далёка не адыходзілі. Няхай.

міга́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. мігаць.

мігатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мігаціць. Па небе рассыпаліся мігатлівыя светлякі зорак. Васілёнак. У пракураным пакоі пры святле мігатлівай газоўкі засядае паўстанскі камітэт. Хведаровіч.