Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

мігаце́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. мігацець.

мігаце́цца, ‑гаціцца; незак.

Тое, што і мігацець. Грыміць па карэннях цялежка, мігацяцца стракатыя верставыя слупы. Колас. Тут жа ў траве мігацяцца зоркамі светлячкі. Бядуля.

мігаце́ць, ‑гаціць; незак.

1. Паказвацца на кароткі час і знікаць з поля зроку. Жаўтлявыя жмені [жыта] увесь час мігацелі ў паветры, напамінаючы Язэпу старыя добрыя часы, калі, бывала, да вайны на жніво выходзіў увесь калгас. Асіпенка.

2. Свяціць, блішчаць няроўным бляскам. Над ваколіцай звісала неба і мігацела безліччу зорак. Дудо. Сям-там мігацелі стрэлачныя ліхтары. Лынькоў.

міга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Хутка паднімаць і апускаць павекі. Хлапчук палахліва, не мігаючы, пазіраў на Марыю Хведараўну. Марціновіч.

2. Падаваць знак рухам павек.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціцца слабым, няроўным святлом. Навокал ні жывой душы, толькі дзесьці далёка мігала агеньчыкамі вёска. Асіпенка. На вясеннім чыстым небе скрозь проразі верхавін мігалі далёкія халодныя зоры. Колас.

4. Хутка праносіцца перад вачыма, мільгаць. Снуюць тралейбусы, Мігаюць машыны. Броўка.

мі́гі,

У выразах: на мігі, на мігах (гаварыць, перагаворвацца і пад.) — размаўляць пры дапамозе жэстаў, знакаў. Кулік на мігах паказаў, што трэба падабраць уцекача. Гурскі. Тацяна тым часам паказвала [Галілею] на мігі, каб ён пайшоў, кінуў іх адных. Зарэцкі.

мігну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Хутка пранесціся. Нехта мігнуўся паўз вокны і адчыніў сенцы. Мурашка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бліснуць. Хоць бы мігнуўся агеньчык які, такая ж густая гэтая восеньская цемрыня. Лынькоў.

мігну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да мігаць.

мігра́нты, ‑аў; адз. мігрант, ‑а, М ‑нце, м.

Спец. Людзі або жывёліны, якія мігрыруюць.

[Ад лац. migrans — які перасяляецца.]

міграцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да міграцыі.

мігра́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Перасяленне насельніцтва ўнутры краіны або за яе межы.

2. Перамяшчэнне жывёльных арганізмаў, выкліканае зменай умоў існавання або ў сувязі з праходжаннем цыкла развіцця.

3. Перамяшчэнне, пераразмеркаванне якіх‑н. элементаў, клетак.

[Лац. migratio — перамяшчэнне.]