мігры́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Перасяляцца, перамяшчацца.
[Ад лац. migrare — перасяляцца.]
мігрэ́невы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мігрэні. // Прызначаны для лячэння мігрэні. Мігрэневы карандаш.
мігрэ́нь, ‑і, ж.
Нервовая хвароба, пры якой боль у асноўным паражае адну палавіну галавы.
[Фр. migrain.]
мігце́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. мігцець.
мігце́цца, ‑ціцца; незак.
1. Блішчаць няроўным святлом. Малюся я гэтаму сонцу на небе І зоркам, што ночкай мігцяцца. Купала.
2. Няясна віднецца, мільгаць. Праз туман бялесы Выплываюць дні рашучых бур... Зіхацяць у іх агні Загэсу І мігціцца блізкі Асінбуд... Таўбін.
мігце́ць, ‑ціць; незак.
1. Ледзь свяціцца. У хаце чад, мігціць газніца. Лужанін. У адным акне мігцеў скупы агонь. Чарнышэвіч.
2. Свяціць няроўным бляскам. Праз некаторы час неба на ўсходзе пабялела і зоркі пачалі мігцець не так ярка. Ляўданскі.
3. Хутка праносіцца, мільгаць. Вятры тугія свішчуць ля кабіны, Мігцяць слупы, зігзагі паваротаў. Ставер.
4. перан. З’яўляцца на кароткі час і зноў знікаць. Мігцяць думкі. □ Мучыў боль па загінуўшым сыне, мігцела надзея хоць што-небудзь пачуць аб ім. Лужанін.
мі́дзі, нескл., ж.
Разм. Жаночае адзенне (спадніца, сукенка, паліто) сярэдняй даўжыні.
[Англ. midi.]
мі́дыя, ‑і, ж.
Спец. Двухстворкавы марскі малюск, прыдатны для яды.
міёграф, ‑а, м.
Спец. Прыбор для запісу (графічнай рэгістрацыі) мышачных скарачэнняў.
[Ад грэч. mys (myos) — мышца і graphō — пішу.]
міёлаг, ‑а, м.
Спецыяліст у галіне міялогіі.