Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

мешчанчу́к, ‑а, м.

Разм. Зніж. да мешчанін. Ці даўно .. [Лабановічу] самому, калі вучыўся ён у семінарыі, крычалі мешчанчукі: «Лямец, лямец! На якой бярозе ты лапці павесіў?» Колас.

мешчара́к,

гл. мешчаракі.

мешчаракі́, ‑оў; адз. мешчарак, ‑а, м.; мешчарачка, ‑і, ДМ ‑чцы; мн. мешчарачкі, ‑чак; ж.

Устарэлая назва татараў-мішароў, якія жывуць у Башкірскай АССР.

мешчара́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мешчаракоў.

мешчара́чка,

гл. мешчаракі.

мёд, мёду, М мёдзе, м.

1. Салодкае сіропападобнае рэчыва, якое выпрацоўваюць пчолы з нектару кветак. Ліпавы мёд. □ Але як весела і міла Тут пчолка ў вуллях гаманіла! І як прыемна пахла мёдам! Колас. Ануфрэіха прыносіць мне вялікую міску з мёдам. Бядуля. // Пра саладкаватую духмянасць кветак, травы і г. д. Па пояс тут вырасце грэчка І мёдам запахнуць палі. Панчанка.

2. Напітак, прыгатаваны з гэтага рэчыва. Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. І я на тым вяселлі быў, мёд, віно піў. Якімовіч.

•••

Падзевы мёд — мёд, які вырабляецца пчоламі з падзі.

мёда... (а таксама меда...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «мёд», напрыклад: мёдаварэнне.

мёдаварэ́нне, ‑я, н.

Варка, вытворчасць мёду як напітку.

мёрзласць, ‑і, ж.

Уласцівасць мёрзлага (у 1 знач.).

мёрзлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які зацвярдзеў ад марозу. Чалавек пад бярозай кашлянуў і пайшоў прэч, загрукатаўшы ботамі па мёрзлай зямлі. Шамякін. Сухі вецер гнаў па мёрзлай раллі пясок. Ваданосаў. // Пакрыты лёдам, абледзянелы. Сонейка зірнула У мерзлае акно — І заззяла пышна Іскрамі яно. Журба. Як толькі Сцёпка параўняўся з адною хатай у сяле і зірнуў на яе мёрзлыя шыбы, ён адразу заўважыў гэта прагрэтае акеначка ў аконцы. Колас.

2. Сапсаваны ад холаду, ад марозу. Мёрзлая бульба.

3. Разм. Вельмі халодны, выстуджаны — аб памяшканні. [Чарноў:] — Дай .. [каню] на месяц аўса ды пастаў яго ў сапраўдную канюшню, а не ў гэту мёрзлую яму — .. і ты яго не пазнаеш. Васілевіч.