мёд, мёду, М мёдзе, м.

1. Салодкае сіропападобнае рэчыва, якое выпрацоўваюць пчолы з нектару кветак. Ліпавы мёд. ▪ Але як весела і міла Тут пчолка ў вуллях гаманіла! І як прыемна пахла мёдам! Колас. Ануфрэіха прыносіць мне вялікую міску з мёдам. Бядуля. // Пра саладкаватую духмянасць кветак, травы і г. д. Па пояс тут вырасце грэчка І мёдам запахнуць палі. Панчанка.

2. Напітак, прыгатаваны з гэтага рэчыва. Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. І я на тым вяселлі быў, мёд, віно піў. Якімовіч.

•••

Падзевы мёд — мёд, які вырабляецца пчоламі з падзі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)