Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

швейца́рскі 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Швейцарыі, швейцарцаў, які належыць, уласцівы ім. Швейцарская прырода. Швейцарская культура. // Такі, як у Швейцарыі; выраблены ў Швейцарыі. Швейцарскія каровы. Швейцарскі гадзіннік. Швейцарскі сыр.

швейца́рскі 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да швейцара, належыць яму. Швейцарская служба. Швейцарская ліўрэя.

2. у знач. наз. швейца́рская, ‑ай, ж. Памяшканне, якое прымыкае да параднага пад’езда; вестыбюль. Увайсці ў швейцарскую.

швейца́рцы, ‑аў; адз. швейцарац, ‑рца, м.; швейцарка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. швейцаркі, ‑рак; ж.

Насельніцтва Швейцарыі.

шве́лер, ‑а, м.

Спец. Від стальнога пракату, які мае ў сячэнні форму літары П.

[Ням. Schweller.]

шве́лерны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца швелерам. Швелернае жалеза.

швертбо́т, ‑а, М ‑боце, м.

Паруснае аднамачтавае спартыўнае судна лёгкай канструкцыі з высоўным кілем. Кіраваць швертботам.

[Ням. Schwertboot.]

шві́ва, ‑а, н.

Разм. Тое, што шыецца або пашыта. Маці таксама дрэмле на другім крэсле са швівам у руках. Якімовіч. Сядзе [Верка] за стол ля акна ад вуліцы пад ходзікамі, пакладзе швіва ля сябе цэлую гару, круціць за ручку ў машыне, аж, здаецца, рука ў яе не свая — як толькі спраўляецца падгінаць швы, — і пачынае пець. Пташнікаў.

шві́цкі, ‑ая, ‑ае.

У выразах: швіцкая жывёла, швіцкая парода — парода буйной рагатай жывёлы.

[Ад назвы кантона Швіц (Schwyz) у Швейцарыі, дзе ўпершыню была выведзена гэта парода жывёлы.]

шво, ‑а, н.

1. Месца злучэння сшытых кавалкаў тканіны, скуры і пад. Парвацца ў шве. // Спосаб шыцця, вышыўкі. Няроўнае шво. Сцябліністае шво. □ Усё гэта [адзенне] было пасшывана суровымі ніткамі, шво скрозь было буйное, раскідзістае. Чорны.

2. Месца злучэння частак чаго‑н. Шво цаглянай кладкі. // У тэхніцы — месца шчыльнага змацавання зваркай, кляпаннем і пад. асобных частак якіх‑н. канструкцый, збудаванняў і пад. Шво шырокае, заўважае Павел Клімко, тарэц крыху змешчаны з восі бэлькі. Мыслівец. // У хірургіі — месца сшывання краёў раны рассечанай тканкі. Разышліся швы.

•••

Рукі па швах гл. рука.

Трашчаць па ўсіх швах гл. трашчаць.

Трымаць рукі па швах гл. трымаць.

шво́ран, ‑рна, м.

Жалезны стрыжань, які з’яўляецца вертыкальнай воссю перадка павозкі або паваротнай часткі лакаматыва, аўтамабіля і пад., што забяспечвае паварот на хаду. Конь звярнуў з дарогі, усцягнуў калёсы на пень, сарваў са шворна цялежкі і пакінуў драбіны з Петрусём сярод лесу. Колас. Падгоняць пад кузню благія калёсы — Атосы на гора, Пакрыўлены шворан, Разбіты драбіны Ды колы без шынаў. Броўка.

шво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Абл. Вяровачка, павадок. Міход выняў з кішэні ключ, навязаны на звычайную канапляную шворку. Сабаленка.