Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фельд’е́гер, ‑а, м.

Ваенны або ўрадавы кур’ер для дастаўкі вельмі важных, сакрэтных папер, дакументаў. Праз год, у 1826 годзе, Пушкіна з фельд’егерам даставілі да цара... Шырма.

[Ням. Feldjäger.]

фельд’е́герскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фельд’егера. Фельд’егерская пошта.

фельдма́ршал, ‑а, м.

Вышэйшае генеральскае званне ў рускай дарэвалюцыйнай і некаторых замежных арміях. // Асоба, якая мае гэта званне. У выдатным сузор’і вялікіх сыноў рускага народа ярка ззяе слаўнае.. імя .. Суворава — фельдмаршала і генералісімуса рускай арміі. «Беларусь».

[Ням. Feldmarschall.]

фельдма́ршальскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фельдмаршала. Фельдмаршальскі сан. // Які належыць фельдмаршалу. Фельдмаршальскае жазло.

фельдма́ршальства, ‑а, н.

Званне фельдмаршала; служба фельдмаршалам.

фельдсу́вязь, ‑і, ж.

Фельд’егерская сувязь.

фельдфе́бель, ‑я, м.

У царскай і некаторых замежных арміях — званне старшага унтэр-афіцэра ў пяхоце. [Залыгін:] Фельдфебеля за адвагу далі, смелы! Тры Ягорыі начапілі... Мележ. // Асоба, якая мае гэта званне. Блакітныя льдзінкі воч з захапленнем абводзілі маўклівых памочнікаў, малодшых афіцэраў, фельдфебеля, салдат, паліцэйскіх. Лынькоў.

[Ад ням. Feldwebel.]

фельдфе́бельскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фельдфебеля. Фельдфебельскія пагоны. // перан. Уст. Вельмі грубы, салдафонскі. Фельдфебельскае слаўцо.

фельетані́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто піша фельетоны. Меў [Мікола] спрыт і нюх рэпарцёра і сатырычную вастрыню фельетаніста. Машара.

фельетані́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да фельетаніст.