ухітра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да ухітрыцца.
ухітры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Сумець, умудрыцца зрабіць што‑н., справіцца з чым‑н. Некаторыя фірмы ўхітрыліся дэманстраваць на выстаўцы 1956 года ўзоры машын 1957 і нават 1960 гадоў. Новікаў. [Аксана:] — Калі дзяўчаты на трэція ці на чацвёртыя суткі неяк ухітрыліся падлогу ў вагоне ўзарваць і пачалі на хаду поезда адна за адной між колаў на шпалы падаць, падышла і я да той дзіркі. Сачанка.
ухмылі́цца, ‑маліцца; зак.
Разм.
1. Прыціснуць вушы да галавы (пра каня).
2. Тое, што і ухмыльнуцца.
ухмы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Тое, што і усмешка. Добрай ухмылкай засвяціўся твар санітаркі. Грахоўскі. На тварах тых, хто сядзеў на першых лаўках, Шыковіч убачыў хітрыя ўхмылкі. Шамякін.
ухмыльну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Усміхнуцца. — Як вас мы будзем велічаць? — спытала.. [Вера Пятроўна], лагодна ўхмыльнуўшыся і не спускаючы вачэй з новага шафёра. Кулакоўскі. [Жэня] крыва ўхмыльнулася, паўтарыла горка, насмешліва: — «Жонка»!.. Мележ.
ухмыля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да ухмыліцца.
ухо́даны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уходаць.
ухо́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Стаміцца, замарыцца. Прысеў [Арцём] на кругляк і адчуў, што стаміўся: уходаўся-такі добра за дзень. Дзятлаў.
ухо́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Пазбавіць жыцця, забіць; загубіць. [Шура:] Зараз [Коля Дзееў] будзе тут. Тол нёс... Ахова за ім гналася. Ён аднаго ўходаў. Кучар. Аж пабялеў [Гаркун] ад злосці і з пенай у роце закрычаў: — Я яе [Ніну] уходаю... У турму пасаджу!.. Гроднеў.
2. Змардаваць, знясіліць, змучыць. Для кожнага, хто яго бачыў упершыню, было відавочна, як уходала.. [Міклашэвіча] тая хвароба. Быкаў.
3. Патраціць, расходаваць. Уходаць усе грошы. □ Я ўспамінаю працавіты свой народ, Які ў пясок нямала сілы ўходаў. Лойка. // З’есці. Дзеці хутка ўходалі гаршчок кашы.
ухо́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да ухадзіцца.