трэнірава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад трэніраваць.
2. у знач. прым. Які прайшоў добрую трэніроўку. Вышыня была вялікая, але ж для трэніраванага і здаровага чалавека яна не небяспечная. Алешка. // Добра развіты сістэматычнай трэніроўкай. [Юткевічу] здавалася, што бацька прыходзіць сюды для таго толькі, каб выхваляцца перад ім сваім дужым і трэніраваным целам. Мікуліч.
трэнірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
1. Займацца трэніроўкай, трэніраваць сябе. Трэніраваліся хлапцы. Напэўна, перад майскім святам. Лужанін. Навыкі работы на апаратуры сувязі можна страціць, калі не трэніравацца. «Звязда».
2. Зал. да трэніраваць.
трэнірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
Навучаючы каго‑н., праводзіць сістэматычныя практыкаванні ў чым‑н. Трэніраваць гімнаста. Трэніраваць футбалістаў. □ Штоночы трэніравалі партызан: вучылі бясшумна здымаць вартавых. Шамякін. // Практыкуючы, развіваць, прывучаць да чаго‑н. Трэніраваць памяць. Трэніраваць волю.
трэніро́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да трэніроўкі, з’яўляецца трэніроўкай. Трэніровачныя заняткі. Трэніровачныя зборы. // Прызначаны для трэніроўкі. Трэніровачная пляцоўка. Трэніровачны самалёт.
трэніро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Вучэбныя заняткі, практыкаванні з мэтай удасканалення якога‑н. навыку, умення. Трэніроўка па плаванню. // Развіццё чаго‑н. Трэніроўка мускулаў. Трэніроўка памяці.
трэ́нне, ‑я, н.
1. Рух прадмета па паверхні другога прадмета. Трэнне аднаго кавалка сухога дрэва аб другі.
2. Сіла, якая перашкаджае руху аднаго цела па паверхні другога. Каэфіцыент трэння, Трэнне ў машынах.
трэ́нчык, ‑а, м.
Спец. Вузкі раменьчык, які служыць для прымацавання чаго‑н. (ружэйнага рэменя да ложа вінтоўкі, седлавых сумак і пад.).
трэ́ньканне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. трэнькаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
трэ́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Найграваць (на струнным шчыпковым музычным інструменце), брынкаць. [Антон] паклаў сабе на калені мандаліну, на якой толькі што ціха трэнькаў, і слухаў далёкае пагрукванне. Савіцкі. У хаце ёсць мандаліна, на якой даволі прыстойна трэнькаюць. Навуменка.
2. Гучаць, утвараць адрывістыя, брынклівыя гукі (пра шчыпковыя музычныя інструменты). У кухні перасталі трэнькаць струны мандаліны. Карпюк. // Звінець. Гараць кастры, усюды гамонка, галасы, коні пасвяцца пад ляском і трэнькаюць званкамі. Ракітны. // Утвараць гукі, падобныя на брынканне струн (пра птушак, насякомых). За абедам збіралася ўся сям’я. Дзеці сварыліся з-за кавалкаў мяса. Дамавіта трэнькаў цвыркун пад печчу. Лупсякоў.
трэнь-брэ́нь, выкл.
Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гучання шчыпковых музычных інструментаў, а таксама ігры на іх.