Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трубкано́сыя, ‑ых.

Атрад марскіх птушак; буравеснікі.

тру́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трубы (у 1 знач.). Трубны дым. // Які звязаны з вытворчасцю труб. Трубны завод. Трубны цэх.

2. Які ўтвараецца трубой (у 2 знач.). Трубныя гукі. // Які па сіле, тэмбру і пад. нагадвае гукі трубы. Як толькі чытанне рэзалюцыі было скончана, Бабека, як арол, акінуў вачамі залу і трубным голасам аддаў загад: — Асуджанага Лабановіча Андрэя Пятровіча зараз жа ўзяць пад варту! Колас. Над галавой, дзесьці высока ў небе, чуваць трубныя крыкі адлётных жураўлёў... Краўчанка.

трубча́сты і трубкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму трубы (у 1 знач.), трубкі (у 1 знач.). Трубчастая косць. Трубкаватае сцябло. // Які складаецца з трубачак, цыліндрычных ячэек (аб будове матэрыялу, рэчыва). Трубкаватыя фільтры. Трубчастая будова глебы. // Зроблены з труб, трубак. Трубчастыя рыштаванні.

трубча́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Устаноўка для бесперапыннага перагону нафты.

труве́р, ‑а, м.

Французскі сярэдневяковы прыдворны паэт-спявак, які іншы раз пісаў аповесці і куртуазныя раманы.

[Фр. toruvére ад trouver — знаходзіць.]

трудаві́к, ‑а, м.

Гіст. У пачатку 20 ст. у дарэвалюцыйнай Расіі — член дробнабуржуазнай палітычнай арганізацыі, дэпутат Дзяржаўнай думы.

тру́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., што.

Разм. Стамляць, натруджваць да болю працяглай працай, хадой і пад. Каб не трудзіць ногі, дзед Хвядос сеў на мурог. Бажко. [Акцызнік:] — З табой я, відаць, балбачу ўхаластую... Падвярнуў шыю, як бугай... З табой гаварыць... Язык толькі труджу. Пташнікаў.

трудзя́га, ‑і, м.

Разм. Той, хто многа і шчыра працуе; працавік. [Пагранічнік], перш за ўсё, нястомны трудзяга, адзін з тых «вінцікаў», чыя ціхая праца .. вельмі часта губляецца ў громе і бляску. Брыль. Той мусіць загінуць, хто меч узнімае На голавы мірных трудзяг. Колас.

труі́зм, ‑у, м.

Агульнавядомая, збітая ісціна.

[Англ. truism.]

трук, ‑а, м.

1. Лоўкі, эфектны прыём, нумар. Акрабатычны трук. Кінематаграфічны трук. Танцавальны трук.

2. перан. Лоўкія штукі; нечаканы ўчынак, дзеянне. Дыпламатычны трук.

[Фр. truc.]