Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тонказярні́сты, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з дробных, малых часцінак, зярнят. Тонказярністы мармур.

тонкаліставы́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Прызначаны для вырабу лістоў таўшчынёй да 4 мм. Тонкаліставы цэх. // Які ўяўляе сабой такія лісты. Тонкаліставая сталь.

тонкапрадзе́нне, ‑я, н.

Працэс прадзільнай вытворчасці, у выніку якога матэрыял набывае ўласцівасці і выгляд пражы.

тонкапрадзі́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для тонкапрадзення. Тонкапрадзільная машына.

тонкаслаёвы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з тонкіх слаёў. Тонкаслаёвае дрэва.

тонкасуко́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з вырабам тонкага сукна; прызначаны для вырабу тонкага сукна. Тонкасуконны камбінат.

2. Пашыты, зроблены з тонкага сукна. Тонкасуконны бушлат.

то́нкасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць тонкага. Тонкасць сукна. Тонкасць віна. Тонкасць думкі.

2. звычайна мн. (то́нкасці, ‑ей). Самыя дробныя дэталі, асаблівасці. У давацца ў тонкасці. Паэтычныя тонкасці. □ Чалавек, які пазнаў тонкасці і тайны сваёй прафесіі, які любіць яе, укладвае ў яе ўсю сваю душу, заўсёды выклікае ў нас павагу. «Звязда».

то́нкі, ‑ая, ‑ае.

1. Невялікі ў папярочным сячэнні; проціл. тоўсты. Тонкі лёд. Тонкія ніткі. Тонкі сшытак. Тонкая кніжка. □ [Насця:] Я дастала з куфра тонкае палатно. Чорны. Ад ярусаў да самай вады падложаны тонкія, доўгія бярвенні. Колас. // Зроблены, пашыты з нятоўстага матэрыялу. Тонкая сукенка. □ Мароз шчыпле за нос, прарываецца праз тонкі шынель. Лынькоў. // перан. Не густы, празрысты (пра туман, дым і пад.). Тонкая восеньская імжа вісела ў паветры, нібы павуцінне. Бядуля. — Бачыш, дыхае, цеплынёю радуецца зямля, — паказвае Тамара на ледзь прыкметную пару, якая тонкім, танюсенькім павуціннем сцелецца над свежаю, сонцам прыгрэтаю раллёю. Бялевіч.

2. Невялікі ў абхваце; не тоўсты, вузкі ў косці (пра чалавека, яго фігуру, часткі цела). Тонкія пальцы. Тонкая талія. □ Перахвачаная ў паясніцы, з рэвальверам, які абцягваў папружку, тонкая, зграбная — .. [Ганна] чаравала ўсіх. Нікановіч. У перамежку паміж выбухамі кашлю .. [Ніна] ляжыць з заплюшчанымі вачыма. Толькі час ад часу ўзнімае перад сабой тонкія ручкі, усхліпвае ад болю і шэпча: «бабка, піць...» Брыль. Ты [дзяўчына] прайшла з усмешкай цёплай, Прашумела, нібы ветласць Той вясны, што ты адбіла Тонкай постаццю дзявочай. Панчанка. // Не грубы, не шырокі, прыгожага, далікатнага складу (пра твар, рысы твару). Дзе, якой зарою чырваніла Яна вусны тонкія свае. Броўка. У прыпухласці губ, у тонкіх рысах твару я заўважыў нешта новае; нібы .. [Люда] штось прадчувала, а можа, і чакала чагось важнага. Дуброўскі. Жанчына была прыгожая, .. з тонкім далікатным тварам. Маўр.

3. Невялікі па шырыні, вузкі. Тонкая лінія. □ На .. лбе [Любы] зрабілася тонкая маршчынка і, зварухнуўшыся, знікла. Чорны. Сцяжынкай тонкай над старой канавай Іду з касою між ракіт густых. Гілевіч.

4. Высокі (пра гукі, голас). Раптам .. [Іліко] пачуў нейкі тонкі гук, як бы недзе звінеў камар. Самуйлёнак. Дзіця сумысля закрычала высокім сваім тонкім голасам. Чорны.

5. Які складаецца з дробненькіх часцінак. Абмытае каменне .. блішчала пад сонцам, пакуль лета не ўкрые яго тонкім засцілам бялявага пылу. Чорны. [Серафіма да Тэклі:] — То ж я прыйшла табе сказаць, што можа ў цябе няма чаго-небудзь, можа мукі няма свежанькай пшанічнай, то мой стары ўчора толькі змалоў, тонкая такая, беленькая! Краўчанка.

6. Складаны, выкананы з вялікай увагай, умела, па-мастацку. [У гісторыка-этнаграфічным музеі ў Мадрасе] сабраны ўзоры вельмі тонкай разьбы па дрэве. «Полымя». [Дубок:] — Хочаш далікатную работу — і тут мае рукі ход маюць, абы толькі [ін]струменцік да ладу. Бо на тонкай рабоце з сякерай не разгонішся. Лынькоў. // Складаны, які патрабуе ўмелага, далікатнага падыходу. [Мельнік:] — Зразумей, каханне — справа тонкая! Карпюк. // Дэтальны, дакладны, дасканалы. Тонкае веданне справы.

7. Ледзь прыкметны, які з цяжкасцю адрозніваецца. Тонкія адценні колераў. □ Дзівіць [восень] людзей размалёўкаю тонкаю. Лісце кляновае — лапкі чырвоныя Гусі пакідалі ў лужыны звонкія... Тармола.

8. Прыемны сваёй вытанчанасцю, не рэзкі (пра смак, пах і пад.). Тонкія віны. Тонкія духі. □ Водар ліпавых кветак, тонкі, ледзь-ледзь улоўны, напаўняе паветра. Мікуліч.

9. Тактычны, далікатны (пра чалавека, яго душу). [Мастак да Галі:] — Калі не памыляюся, вы... вельмі ўражлівы, .. з тонкай душой чалавек. Ракітны. // Выключны, незвычайны (пра выхаванне, манеры, гутарку, культуру і пад.). Тонкае выхаванне. Тонкія манеры абыходжання.

10. Які вылучаецца розумам, густам, праніклівасцю, глыбокім веданнем справы. Тонкі крытык. □ Партызанства ў сабе маю дастаткова. Але як стаць такім тонкім псіхолагам, вынаходлівым палітыкам, дыпламатам?! Карпюк. Я бачыў у .. [настаўніку] тонкага педагога, які добра ведаў, што палкаю цяжка загнаць і ў дзверы, а ласкаю можна ўціснуць і ў вузкую шчыліну. Дамашэвіч. Купала як перакладчык паказаў сябе тонкім знаўцам творчасці Міцкевіча. Лойка.

11. Гібкі, праніклівы, які схоплівае малапрыметнае (пра розум, мысленне). Тонкі розум. // У якім выяўляецца глыбокае разуменне чаго‑н., пранікненне ў сутнасць. Тонкая крытыка. Тонкі псіхалагізм. // Дасціпны, умела завуаліраваны (пра іронію, гумар і пад.). Тонкі гумар. Тонкі намёк. □ — Ты [Люба] Хадкевіча да сябе выпішаш, — з тонкай насмешачкай падкалола Аня. Васілевіч. // Эмацыянальна-ўзвышаны, паэтычна-ўсхваляваны. Трапяткое крыло галубінае і з’яўляецца адной з важнейшых адзнак паэзіі Ізі Харыка, адзнак яе тонкага лірызму. Лынькоў.

12. Не адразу прыкметны, які тоіцца ў глыбіні чаго‑н.; такі, да якога трэба даходзіць, дазнавацца. Тонкія адценні ў значэнні слова.

13. Дасканала арганізаваны і дакладны па выніках. Тонкі хімічны аналіз.

14. Чуллівы, які ўспрымае самыя слабыя раздражненні (пра органы пачуццяў і іх дзейнасць). Тонкі слых. Тонкі зрок. □ У Надзі добры голас. Тонкі музы[каль]ны слых. Гарбук.

•••

Тонкая кішка гл. кішка.

Кішка тонка (тонкая) у каго гл. кішка.

Тонкая штучка гл. штучка.

тонма́йстар, ‑тра, м.

Работнік радыё, кіно, тэатра, які ведае гукавым афармленнем спектакляў, радыёперадач і пад.

[Ад ням. Ton — гук і Meister — майстар, спецыяліст.]

то́нус, ‑у, м.

1. Працяглае ўзбуджэнне нервовых цэнтраў і мышачных тканак, якое не суправаджаецца стомай і абумоўлівае пэўнае функцыяніраванне органаў. Мышачны тонус. Тонус нервовай сістэмы. Тонус клетак кары галаўнога мозга.

2. перан. Ступень жыццядзейнасці арганізма або асобных тканак. Павышаны тонус. Жыццёвы тонус.

[Лац. tonus — ад грэч. tonos — напружанне.]