Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

блакга́уз, ‑а, м.

Палявое ўмацаванне (першапачаткова з бярвення) з байніцамі, якое прыстасавана для самастойнай кругавой абароны невялікага вайсковага падраздзялення.

[Ням. Blockhaus.]

блакірава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. блакіраваць і блакіравацца ​1.

блакірава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад блакіраваць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў блакадзе, ахоплены блакадай. Блакіраваны горад.

блакірава́цца 1, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.

Уступіць (уступаць) у блок ​2.

блакірава́цца 2, ‑руецца; незак.

Зал. да блакіраваць.

блакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

1. каго-што. Арганізаваць (арганізоўвае) палітычную, гаспадарчую або ваенную блакаду. Блакіраваць абарону праціўніка. □ Следам на гасцінцы паказалася новая калона .. Гэта вялі палонных карнікаў, якія блакіравалі партызанаў на Цаліку. Новікаў. У палове мая фашысты блакіравалі пушчу, у якой дыслацыраваліся партызаны. Карпюк.

2. што. Закрыць (закрываць) пуць паміж станцыямі, карыстаючыся блакіроўкай (у 2 знач.).

3. што. Перагарадзіць (перагароджваць), загарадзіць (загароджваць) праход, шлях і пад. [Даследчая] партыя ідзе далей, а на яе месца прыходзіць земснарад, блакіруе перакат змяістым хобатам пантонных груб. Ракітны.

4. перан.; што. Паралізаваць. Самаўпэўненасць старшыны абяззбройвала, блакіравала волю і намер. Быкаў.

блакіро́вачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да блакіроўкі ( у 2 знач.). Блакіровачная сістэма. Блакіровачны сігнал.

2. Які працуе пры дапамозе блокаў, з выкарыстаннем блокаў (гл. блок ​1). Блакіровачны механізм.

блакіро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. блакіраваць (у 2 знач.) і блакіравацца ​1.

2. Сукупнасць прылад для блакіровачнай сістэмы рэгулявання руху цягнікоў. // Сістэма сігналаў, пры дапамозе якіх паказваецца, заняты ці свабодны чыгуначны пуць.

3. Сістэма блокаў якога‑н. механізма. Блакіроўка навяснога культыватара.

блакі́т, ‑у, М ‑кіце, м.

1. Светла-сіні колер. Блакіт азёр. Блакіт вачэй. □ Пятро ляжаў на спіне і глядзеў у бяздонны блакіт яснага жнівеньскага неба. Шамякін.

2. Чыстае яснае неба. Ні адной хмурынкі на блакіце, Ні павеву ветру на зямлі. Астрэйка. [Андрэй Міхайлавіч] глядзеў на белае кучаравае воблака, што павольна плыло высока ў чыстым блакіце. Самуйлёнак.

[Чэшск. blankyt.]

блакітнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Светла-блакітнага колеру або з блакітным адценнем. А на маленькіх крыштальных лужынках увачавідкі паяўляліся танюсенькія, блакітнаватыя марозныя стрэлкі. Асіпенка. І зноў цягнецца за машынай шлейф пылу і слабы блакітнаваты дымок. Аляхновіч.

блакітнаво́кі, ‑ая, ‑ае.

З блакітнымі вачамі. Блакітнавокі малыш.