Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

блуд, ‑у, М ‑дзе, м.

Разм. Распуста. Сказаў бы хто Раісе, што Дзяніса павяло ў блуд, мала таго, што не паверыла б, слухаць не захацела б. Гроднеў.

блудзі́ць, блуджу, блудзіш, блудзіць; незак.

1. Згубіўшы арыенціроўку, хадзіць у пошуках правільнага выйсця. Хто пытае, той не блудзіць. Прыказка.

2. Хадзіць, вандраваць у пошуках чаго‑н.; блукаць. — Вось і ўсё наша жыццё, — сказаў, уздыхнуўшы, старэйшы. — Блудзім па свеце, ходзім па зямлі, ды ўсё не па сваёй. Галавач. Я з вамі, гуслі, блудзіў па свеце, Шукаў я з вамі жыццёвы вырай. Гурло. // Пераходзіць з аднаго на другое (пра вочы, позірк). [Бацька] ляжаў на лаве пры сцяне пад акном, і позірк яго блудзіў па забруджанай мухамі шыбе. Чорны.

3. Разм. Дрэнна паводзіць сябе, распуснічаць. [Кандрат:] — Ці не тая гэта маладзіца, што ўсё лета гаспадара свайго ашуквала ды з Кандратам Парамонавым блудзіла? Лобан.

блудлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць блудзіць (у 3 знач.); распусты. // У якім выяўляецца распуста, блуд. Часта адчуваў цяпер Вісарыён на сабе нечы цікаўны, блудлівы погляд. Самуйлёнак.

2. Свавольны, гарэзлівы. Хтосьці, напэўна блудлівы паўночны ветрык, ўкрадкаю адчыніў непрышчэпленае акно ў Рыгоравым пакоі. Гартны.

3. Разм. Зладзеяваты. Блудлівая кошка. // У якім выяўляецца зладзеяватасць. Уваччу кожнага з партызанаў устае гэтае кацянё, шалудзівае, брыдкае, з блудлівымі вачамі. Лынькоў.

блудні́ца, ‑ы, ж.

Уст. Жанчына лёгкіх паводзін, распусніца. На Захараўскай вуліцы Дзень як уздзене чорны халат, Толькі песня чуваць блудніцы. Чарот.

блу́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ходзіць, блукае, не знаходзячы месца, дому; невядома чый або зусім нічый. Блудны рой пчол. □ [Міша:] — Мы вось пойдзем, а з лесу, можа, выйдзе блудная карова ды ў бабкі. Сіняўскі. Маладзічка нястомна варыла пяшчотныя ласкі, спадзеючыся прыручыць да ўдовінай хаты блуднага, ваенных часоў, жаніха. Асіпенка. // Які недзе бадзяўся, туляўся і вярнуўся дадому.

2. Не прамы, звілісты, дзе лёгка заблудзіць. Блудная дарога, сцежка.

3. перан. Не такі, які прыняты, не зусім звычайны. [Мароз:] — Вечна ў.. [Шэмета] нейкія блудныя думкі, вечна яму нешта не падабаецца! Лобан.

4. Разм. Які мае адносіны да блуду; распусны, непрыстойны. Бацюшка Дземіян зусім п’яны. Усё цераз стол да паненкі Гані кідаў блудныя жарты. Баранавых.

•••

Блудная авечка гл. авечка.

Блудны сын гл. сын.

блу́за, ‑ы, ж.

Мужчынская верхняя рабочая сарочка без пояса. Парусінавая блуза. Рабочая блуза. // Уст. Прасторная хатняя жаночая кофта.

[Фр. blouse.]

блу́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Жаночая кофтачка з лёгкай тканіны. Да белай блузкі ўдала пасавала чорная плісіраваная спадніца. Васілёнак.

блу́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Разм. Тое, што і блюзніць. Пасля маці вярнулася да сцяны ў запечак, дзе ляжала на ложку Таня, і паклала ёй руку на лоб. — Блузніць, бедная... Прастыла. Пташнікаў.

блука́льнік, ‑а, м.

Той, хто многа блукае.

блука́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. блукаць.