Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

блі́жай,

Тое, што і бліжэй.

блі́жні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца блізка; самы блізкі. І на маёўку ў бліжнія бары завуць сяброўку юныя сябры. А. Вольскі. Нават бачыш, як трапечацца зжаўцелы ліст на бліжняй бярозе. Лынькоў.

2. у знач. наз. блі́жні, ‑яга, м. Родны чалавек або прыяцель. Міця не слухаў угавораў бліжніх. Мележ. // Чалавек наогул. Любоў да бліжняга.

бліжэ́й,

1. Выш. ст. да прысл. блізка. Марына ў моцным узрушэнні Бліжэй к танкісту падышла. Колас. З-за горкі пачулася роўнае гудзенне. Усё бліжэй і бліжэй. Юрэвіч.

2. у знач. вык. Больш блізка ў параўнанні з кім‑, чым‑н. іншым. Ты [Мірыям] мне бліжэй за бацьку і матку. Бядуля. Рабочы пасёлак жаўцеў крыху наводшыбе, а старое мястэчка было бліжэй. Чорны.

бліжэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. блізкі (у 1, 3, 4 і 5 знач.). Бліжэйшы грукат заглушае грукат далёкі. Брыль. З бліжэйшай хваіны, да якой была прымацавана шпакоўня, лілася вясёлая птушыная песня. Кулакоўскі.

2. Які надыходзіць раней за астатнія. І вось у бліжэйшы выхадны дзень краязнаўчая экспедыцыя на чале з Віктарам Сяргеевічам рушыла ў Забалоцце. Якімовіч.

3. Першачарговы. Усе бліжэйшыя задачы прадуманы і абмеркаваны, і цяпер старшыня са спакойнай душой ішоў дадому. Васілевіч.

4. Самы пільны, непасрэдны. Пры бліжэйшым разглядзе.

бліжэ́ць, ‑эе; незак.

Разм. Набліжацца. Павольна, ціха над зямлёй, нібы валы, бліжэюць хмары. Дубоўка.

блізару́касць, ‑і, ж.

1. Недахоп зроку, пры якім вочы дрэнна бачаць аддаленыя прадметы. Зося ўзяла здымак, паднесла блізка да вачэй, хоць блізарукасці ў яе Кірыла раней не прыкмячаў. Шамякін.

2. перан. Няздольнасць ахапіць з’яву з усіх бакоў; недальнабачнасць. Палітычная блізарукасць.

блізару́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Няздольны бачыць на далёкую адлегласць. Камісар быў блізарукі і ўвесь час жмурыў свае чорныя вочы. Сіняўскі. Левін доўга крывіўся, упёршыся блізарукімі вачамі ў паперку, на якой было напісана небагатае меню. Карпюк.

2. перан. Няздольны ахапіць з’яву з усіх бакоў; недальнабачны. Блізарукая палітыка.

блі́зенечка, прысл.

Разм. Вельмі, зусім блізка. [Анішчык:] — Мой хутар тут зусім блізенечка, хутар Палявой — мо чулі нават. Мурашка.

блі́зенька, прысл.

Разм. Вельмі, зусім блізка. На вуліцы блізенька, за дзве-тры хаты, у залівістым пераборы зайшоўся гармонік. Ракітны.

блізі́р, ‑у, м.

У выразе: для (дзеля) блізіру — пра тое, што робіцца, выконваецца для адводу вачэй. І калі напачатку.. [Малінін] размаўляў з Маняй проста так, дзеля блізіру, каб пазабаўляцца, то цяпер ужо, адчуваецца, стаў шкадаваць маладуху. Масарэнка.