Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

кра́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падаць дробнымі каплямі (пра дождж). Калі пачаў крапаць дождж, Вася пакрыў жыллё палаткай і скамандаваў дзецям забірацца ў сярэдзіну. Мележ.

2. Пакрываць крапінамі што‑н., наносіць крап. Крапаць чарнілам на паперу.

крапе́ж, ‑пяжу, м., зб.

1. Дэталі (балты, штыфты і пад.) для нерухомага злучэння частак машын і канструкцый.

2. Матэрыял (стойкі, плыты і пад.) для мацавання горных вырабатак. І шахцёр сягоння ў шахце Смела ў забой ідзе: Стойкі нашыя на вахце — Наш крапеж не падвядзе. Панчанка.

крапе́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для змацоўвання частак машын і канструкцый. Крапежныя дэталі.

2. Прызначаны для мацавання горных вырабатак. Крапежны матэрыял. Крапежны лес. // Звязаны з мацаваннем горных вырабатак. Крапежныя работы.

крапіва́, ‑ы, ж.

Травяністая расліна сямейства крапіўных з тонкімі пякучымі валаскамі на сцябле і лісці. Якімка рашуча прадзіраецца праз кусты. Звальваецца з галавы шапка, штосьці пякучае, мабыць, крапіва, абпальвае твар, рукі. Курто.

•••

Глухая крапіва — травяністая меданосная расліна сямейства губакветных з дробнымі белымі кветкамі і з лісцем, як у крапівы, але без пякучых валаскоў.

крапі́віна, ‑ы, ж.

Адно каліва крапівы.

крапі́ла і крапі́дла, ‑а, н.

Пэндзаль для апырсквання вадой пры царкоўных абрадах. Поп жа стаяў збоку і крапілам крапіў, шэпчучы сабе пад нос нейкія малітвы. Чарот. За труной крочыў поп. Поруч з ім — дзяк з крапідлам. Машара.

крапі́льніца, ‑ы, ж.

Пасудзіна для свянцонай вады, у якую макаюць крапіла.

крапі́льшчык, ‑а, м.

Горнарабочы, які працуе на крапежных работах.

кра́піна, ‑ы, ж.

Пляма другога колеру на чым‑н. Дзе-нідзе шлях быў крануты жоўтымі крапінамі, пажаўцелымі ліс[та]мі, апаўшымі з бяроз. Броўка.

крапі́нец, ‑нцу, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства крапінцовых з кветкамі, сабранымі ў гронкі.